Хакеісты „Дынама-Маладэчна” выйшлі ў паўфінал плэй-оф



Хакеісты „Дынама-Маладэчна”, абыграўшы „Гомель” у авертайме сёмага матчу чвэрцьфінальнай серыі з лікам 4:3, выйшлі ў наступны раўнд розыгрышу чэмпіянату Беларусі па хакеі.

У дадатковы час перамогу дынамаўцам прынёс дакладны кідок Арцёма Волкава.

У паўфінальных серыях плэй-оф сустракаюцца сталічнае „Юнацтва” і „Дынама-Маладэчна”, а таксама гарадзенскі „Нёман” з салігорскім „Шахцёрам”. Першыя матчы серый да чатырох перамог адбудуцца 11-12 сакавіка.

Гандбалісты Беларусі згуляюць з Польшчай або Літвой у плэй-оф Чэмпіяната свету-2021

У штаб-кватэры Еўрапейскай федэрацыі гандбола ў Вене адбылося лёсаванне матчаў плэй-оф мужчынскага чэмпіянату свету 2021. Зборная Беларусі паспрачаецца за пуцёўку ў фінальную стадыю з пераможцам двухраундавага паядынку паміж камандамі Польшчы і Літвы, якія адбудуцца ў сярэдзіне красавіка. Матчы беларусаў і каго-небудзь з суседзяў адбудуцца ў пачатку чэрвеня. Фінальны турнір сусветнага чэмпіянату свету з удзелам 32 камандаў пройдзе ў студзені 2021 года на арэнах Егіпта.

БГК імя Мяшкова праяўляе цікавасць да славенскага разыгрываючага

Нягледзячы на яшчэ два гады гульні па кантракце з клубам, Сташ Скубі можа пакінуць „Вардар” ужо гэтым летам. З прапановамі на гульца выходзілі „Гановер” і „ПСЖ”. Нямецкі клуб быў адкінуты гульцом. Нароўні з французскім грандам цікавасць да славенца праяўляе і беларускі БГК імя Мяшкова.  Трэнерскі штаб берасцейцаў ня прэч на наступны сезон сфармаваць дуэт славенскіх разыгрываючых Яка Малус – Сташ Скубі.

Менскае „Дынама” саступіла БАТЭ ў хатнім чвэрцьфінале Кубка Беларусі

Футбалісты менскага „Дынама” прайгралі барысаўскаму БАТЭ ў хатнім чвэрцьфінале Кубка Беларусі. У першай палове гульні на полі дынамаўскай арэны гаспадары мелі перавагу і адкрылі лік на 36-й хвіліне пасля дакладнага ўдару свайго капітана Эдгара Аляхновіча, які раней выступаў у складзе БАТЭ. Менчукі нядоўга былі наперадзе – усяго праз 7 хвілін форвард барысаўчан Максім Скавыш аднавіў раўнавагу. Пасля перапынку госці сталі дзейнічаць больш упэўнена, і на 63-й хвіліне  Павел Няхайчык, які вярнуўся ў БАТЭ з берасцейскага „Дынама”, выдатна выканаў штрафны ўдар, усталяваўшы канчатковы лік – 2:1 на карысць гасцей. У іншым  чвэрцьфінале салігорскі „Шахцёр” перамог у гасцях жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ” 1:0 дзякуючы голу Дарка Бодула на 9-й хвіліне гульні. Сёння чэмпіён краіны берасцейскае „Дынама” на сваім полі будзе супернічаць з „Іслаччу”.  Мазырская „Славія” выйшла ў паўфінал без барацьбы ў сувязі з расфармаваннем магілёўскага клуба „Дняпро”.

Названы папярэдні склад зборнай Беларусі на матч з Грузіяй у паўфінале Лігі нацый

Галоўны трэнер футбольнай зборнай Беларусі Міхаіл Мархель назваў гульцоў, якія будуць рыхтавацца да паўфінальных матчы плэй-оф Лігі нацый з камандай Грузіі, паведамілі БЕЛТА у асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”.

У папярэдні спіс увайшлі 35 футбалістаў:

брамнікі – Аляксандр Гутар („Шахцёр”, Салігорск), Павел Паўлючэнка („Дынама”, Берасце), Ягор Хаткевіч („Іслач”, Менскі раён), Антон Чычкан (БАТЭ, Барысаў);

абаронцы – Аляксандр Мартыновіч ( „Краснадар”, Расея), Дзяніс Палякоў, Мікалай Золатаў (абодва – „Урал”, Екацерынбург, Расея), Сяргей Паліцэвіч, Сяргей Мацвейчык, Ігар Бурко (усе – „Шахцёр”, Салігорск), Мікіта Навумаў („Жетысу”, Казахстан), Аляксандр Паўлавец ( „Дынама”, Берасце), Максім Сшывальшчыкаў („Дынама”, Менск), Сяргей Карповіч („Іслач”, Менскі раён);

паўабаронцы – Сяргей Кісляк, Міхаіл Гардзяйчук, Павел Савіцкі (усе – „Дынама”, Берасце), Станіслаў Драгун, Ігар Стасевіч, Павел Няхайчык, Яўген Яблонскі, Дзмітрый Бага (усе – БАТЭ, Барысаў), Іван Маеўскі, Макс Эбонга (абодва – „Астана”, Казахстан), Мікіта Корзун ( „Вілафранкенэшэ”, Партугалія), Юрый Кавалёў („Арсенал”, Тула, Расея) Юрый Кендыш, Дзмітрый Падстрэлаў („Шахцёр”, Салігорск), Іван Бахар, Уладзіслаў Клімовіч (абодва – „Дынама”, Менск);

нападнікі – Дзяніс Лапцеў, Максім Скавыш, Антон Сарока (БАТЭ, Барысаў), Віталь Лісаковіч ( „Шахцёр”, Салігорск), Ілля Шкурын (ЦСКА, Масква, Расея).

Трэніравальны збор беларускай каманды пачнецца 21 сакавіка ў Менску, канчатковы склад з 23 гульцоў трэнерскі штаб назаве 23 сакавіка.

Сустрэча з камандай Грузіі пройдзе 26 сакавіка ў Тбілісі. Яе пераможца 31 сакавіка на сваім полі паспрачаецца за выхад у фінальную стадыю Еўра-2020 з пераможцам матчу Паўночная Македонія — Косава.

Менскае „Тарпеда” чакае адраджэнне

Менскае „Тарпеда” зноў адраджаецца. Каманда можа пачаць сезон з трэцяй лігі. Абапірацца клуб будзе на дзяржаву. У ліку крыніц фінансавання фігуруе Менскі трактарны завод. А гуляць трэба будзе на аднайменнай арэне „Тарпеда”. Пра тое, што каманду неўзабаве зноў могуць дапусціць да правядзення матчаў чэмпіянату краіны, намякнуў у нядаўнім інтэрв’ю pressball.by кіраўнік БФФ Уладзімір Базанаў.

Нагадаем, фіналіст Кубка краіны, не раз займаў у чэмпіянаце чацвёртае месца, у 2006-м пазбавіўся прафесійнага статусу. „Тарпеда” паўстала з попелу толькі ў 2015-м – высілкамі сваіх заўзятараў. А затым і вярнулася ў вышэйшую лігу – ужо пры падтрымцы расейскага бізнэсоўца Міхаіла Міраненкава. Што здарылася затым з чарговым прыватным футбольным праектам у краіне, яшчэ не паспелі забыцца. У мінулым годзе аўтазаводцы засталіся без замежнага капіталу, а потым зняліся з чэмпіянату.

Беларусь 1″ раскажа гісторыю Аляксандра Глеба

Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі прадставіць 17 сакавіка ў эфіры „Беларусь 1” і „Беларусь 24” прэм’еру двухсерыйнага фільма „Наш HLEB”. Гэта гісторыя жыццёвага і кар’ернага шляху самага вядомага беларускага футбаліста постсавецкага перыяду. Лепшы беларускі футбаліст XXI стагоддзя Аляксандр Глеб разам са здымачнай групай АТН пакажа тэлегледачам, з чаго пачыналася яго кар’ера – ад „Штутгарта” і „Арсенала” да „Барселоны”.  Сваімі ўспамінамі падзеляцца сябры і калегі спартоўца, сярод якіх знакавыя персоны сусветнага футбола – экс-форвард „Штутгарта” Кевін Кураньі, брамнік „Арсенала” і зборнай Нямеччыны Енс Леман, былыя паўабаронцы „Арсенала” Сеск Фабрэгас, Мацье Фламіні, Томаш Расіцкі і многія іншыя.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота hcmolodechno.hockey.by