Суд пачаў разглядаць „справу Уцюрына”



У аўторак, 10 сакавіка, Вярхоўны суд пачынае разглядаць гучную «справу Уцюрына». Пасяджэнні будуць праходзіць у памяшканні суда Маскоўскага раёна Менска. Тут размешчана адна з самых вялікіх залаў, якая можа змясціць больш за сотню чалавек. Абвінавачаным прад’яўлены два артыкулы Крымінальнага кодэксу — арт. 430 (Атрыманне хабару) і арт. 431 (Дача хабару). Па крымінальнай справе ў хабарнікаў канфіскавана больш 1,65 млн долараў, 62 тысячы еўра, больш за 1 кілаграм золата.

Пра тое, што ў намесніка дзяржсакратара Савета бяспекі Андрэя Уцюрына з’явіліся праблемы з законам, стала вядома ў красавіку 2019 года.

«Ён быў затрыманы з доказамі злачынства пры атрыманні 148 600 долараў ЗША ад прадстаўніка расійскай камерцыйнай структуры „Г”за садзейнічанне ў прасоўванні яе інтарэсаў у Рэспубліцы Беларусь. Апошняму прад’яўлена абвінавачанне ў дачы хабару», — так пракаментавалі ў КДБ крымінальную справу.

Разам з Уцюрыным за кратамі апынуўся былы генеральны дырэктар «Белтэлекама» Сяргей Сівадзедаў. Па паведамленні КДБ, службовыя асобы бралі хабар за заключэнне дагавораў, якія прадугледжваюць у тым ліку мадэрнізацыю тэлекамунікацыйнага апаратна-праграмнага комплексу і пастаўку абаненцкіх прыставак з убудаваным модулем Wi-Fi; закупку ліцэнзій для тэлекамунікацыйнага абсталявання, праграмнага забеспячэння і абароны інфармацыі. Усяго па справе праходзіць 16 абвінавачаных, пяцёра з іх прызналі віну і заключылі здзелку са следствам.

Падчас папярэдняга слухання ў Вярхоўным судзе 12 лютага адвакат Андрэя Уцюрына прасіў закрыць працэс. Як перадаваў з залы суда Sputnik Беларусь, абвінавачаны таксама звяртаўся ў суд з такой просьбай, паказваў, што ў матэрыялах справы ўтрымліваюцца сакрэтныя дадзеныя, якія адносяцца да часу яго службы ў Савеце бяспекі. Суд вырашыў — разглядаць справу ў адкрытым рэжыме.

16 фігурантам прад’яўлена два артыкулы Крымінальнага кодэксу — арт. 430 (Атрыманне хабару) і арт. 431 (Дача хабару). Канчатковая сума хабару Андрэя Уцюрына складае 190 тысяч долараў. А старшыня праўлення ААТ «Беларускі міжбанкавы разліковы цэнтр» Фелікс Каспяровіч і намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення інфармацыйных тэхналогій Нацыянальнага банка Андрэй Падгорны абвінавачваюцца ў атрыманні хабараў у агульнай суме не менш 868 750 долараў.

Некаторым службовым асобам пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

tut.by