У Беларусі 9 пацверджаных выпадкаў каронавіруса



Колькасць пацверджаных выпадкаў каронавіруса COVID-19 у Беларусі вырасла да дзевяці, паведаміла прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун.

У трох чалавек — кантактаў першага роўню заражаных пацыентаў, якія вярнуліся з Італіі, паўторныя тэсты паказалі наяўнасць каронавіруса. Першыя станоўчыя аналізы былі атрыманыя ў мінулыя выхадныя, адзначыла яна.

„Прэвентыўная ізаляцыя гэтых пацыентаў і адэкватнае медыцынскае суправаджэнне дазволілі не дапусціць далейшага развіцця хваробы і распаўсюджвання захворвання. На сёння гэтыя тры пацыенты адчуваюць сябе здавальняюча. Тэмпература нармальная, скаргаў няма”, — сказала прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя.

Колькасць вылечаных ад каронавіруснай інфекцыі павялічылася да трох чалавек. У студэнта з Ірана атрыманы трэці адмоўны вынік тэсту. У двух пацыентаў, з якімі ён блізка кантактаваў, на сёння таксама атрыманыя адмоўныя вынікі тэстаў. „На гэтым тыдні, пасля завяршэння мерапрыемстваў лабараторнага і клінічнага кантролю, усе тры пацыенты будуць выпісаныя са стацыянара”, — паведаміла Бардун.

Згодна з апошнімі звесткамі СААЗ, вірус COVID-19 закрануў ужо больш за 115 краін. Інфікавана 114.457 чалавек, у тым ліку ў мацерыковым Кітаі — 80.756. Італія перасягнула адзнаку ў 9 тыс. хворых. Больш за 7 тыс. заражаных у Іране і Паўднёвай Карэі. У свеце памерла 4.026 захварэлых, паправілася — 64.014 (анлайн-звесткі сэрвісу CSSE).

belapan.by

Фота inform-progulka.by