Слонімцы наведалі магілу арганізатара патрыятычнай “Чайкі”



Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл наведалі слонімскія гарадскія могілкі, дзе знаходзіцца магіла Васіля Супруна (1926-2007) і яго жонкі. Сябры ўсклалі кветкі на магілу Васіля і Клаўдзіі Супруноў і памянулі іх хвілінай маўчання.

Міхась Варанец прыгадаў Васіля Рыгоравіча, сустрэчы з ім і яго сяброўства са слонімскай патрыёткай Надзеяй Дземідовіч, якой нядаўна не стала.

Васіль Супрун быў актыўным удзельнікам нацыянальнага падполля, сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў. У 1946 годзе ён стварыў патрыятычную арганізацыю “Чайка”, удзельнікі якой жылі ў Слоніме, Пінску, Баранавічах і Наваградку. У 1947 годзе Васіля Супруна арыштавалі і пакаралі 25 гадамі зняволення. Ён прабыў у ГУЛАГу каля дзесяці гадоў. У 1992 годзе Супрун падаваў прашэнне аб рэабілітацыі, але беларускія ўлады адмовілі яму ў гэтым. 10 сакавіка ў Васіля Супруна дзень нараджэння, сёння яму споўнілася б 94 гады.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара