Дзяржстандарт распрацаваў партал пра якасць прадукцыі і паслуг
Дзяржстандарт распрацаваў партал пра якасць прадукцыі і паслуг «Качество.бел», паведаміў 10 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску дырэктар Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі (БелДІСС) Аляксандр Скуратаў.
Паводле яго слоў, дзяржорганы назапашваюць вялікую колькасць спецыяльных дзяржаўных рэсурсаў, якія «скіраваныя на вырашэнне прафесійных задач і маюць фармалізаваны характар і не зусім зразумелыя для спажыўцоў (рэестры, рэгістры, каталогі)». «Для таго каб павярнуць фармалізаваныя рэсурсы Дзяржстандарту да спажыўцоў, было прынятае рашэнне зрабіць зразумелыя для спажыўца тэматычныя зборнікі. У межах новага партала робіцца спроба тыя рэсурсы аб прадуктах і паслугах, якія ёсць у Дзяржстандарце, сабраць у агульную інфармацыйную плоскасць», – сказаў Скуратаў.
У прыватнасці на партале ёсць тэматычныя банары «Сертыфікаваныя гатэлі Беларусі», «Натуральны прадукт», «Конкурсы ў галіне якасці», «Дакументы аб ацэнцы адпаведнасці», «Арганічны прадукт» (звесткі з’явяцца, як толькі ў краіне будуць выдадзеныя добраахвотныя сертыфікаты на такую прадукцыю).
Як растлумачыў дырэктар БелДІСС, раздзел аб гатэлях не толькі адлюстроўвае рэестр сертыфікаваных гасцініц – таксама размешчаная ўся інфармацыя аб гатэлях і паслугах, якія яны аказваюць. «Мы такі ж падыход хочам прымяніць да сертыфікаваных СТА або майстэрняў па рамонце мабільных тэлефонаў. Тэматыка дастаткова актуальная для спажыўцоў. Майстэрняў вельмі шмат, а такія, якія наважацца пацвердзіць тое, што яны кампетэнтныя прафесійныя арганізацыі, няшмат. Інфармацыя пра іх дапаможа спажыўцам ведаць добрасумленных удзельнікаў рынку», – лічыць Скуратаў.
На яго думку, карыснымі для спажыўцоў і гандлю зʼяўляецца рэсурс «Небяспечная прадукцыя». «Ён служыць абʼяднальнай пляцоўкай двух рэестраў: небяспечнай прадукцыі, забароненай да ўвозу і абарачэння на тэрыторыі Беларусі, і дакументаў аб пацвярджэнні адпаведнасці Мытнага саюза, адмененых на тэрыторыі Беларусі. Выкарыстанне гэтага рэсурсу дапаможа спажыўцу пазбегнуць пакупак тавараў, якія не адпавядаюць патрабаванням тэхрэгламентаў ЕАЭС. Мы падаем інфармацыю і з фатаграфіяй, і з апісаннем тавару», – падкрэсліў Скуратаў.