Другі этап праверкі боегатовасці Узброеных Сіл праходзіць у Беларусі



У межах другога этапу комплекснай праверкі баявой гатовасці Узброеных Сіл у 2-ю інжынерную брыгаду пачаўся прызыў ваеннаслужачых з запасу, паведамляе Міністэрства абароны.

Сёння шэрагі 2-й інжынернай брыгады папоўнілі 36 ваеннаслужачых, прызваных з запасу. Яны ўжо размеркаваны па воінскіх падраздзяленнях. З ходам прыёму новага папаўнення ў частцы азнаёміўся міністр абароны генерал-маёр Віктар Хрэнін.

Усяго ў вайсковую часць плануецца прызваць больш за 130 ваеннаслужачых запасу, у тым ліку 18 афіцэраў. У ходзе праверкі баявой гатовасці ваеннаабавязаныя выканаюць задачы па прызначэнні ў складзе маскіровачнага батальёна, успомняць, абновяць і замацуюць веды і навыкі па вайсковых спецыяльнасцях.

Па завяршэнні ўкамплектавання батальён ажыццявіць марш у раён засяроджвання, дзе пройдуць заняткі па зладжванні падраздзяленняў.