Аналітыкі не бачаць падстаў для пазітыўнага прарыву ў адносінах Беларусі і ЕЗ
Няма падстаў чакаць пазітыўнага прарыву ў адносінах Беларусі і ЕЗ. Да такой высновы прыйшлі аўтары маніторынгу знешняй палітыкі і рэгіянальнай бяспекі „Менскі барометр” за студзень—люты 2020 года. Дакумент падрыхтаваны Саветам па міжнародных адносінах „Менскі дыялог”.
„Ні тактычна, ні стратэгічна ніякай мяжы адносіны Беларусі і ЕЗ не дасягнулі. Пры гэтым няма і падстаў чакаць нейкага пазітыўнага прарыву. У прыватнасці хуткага прагрэсу па іншым палітычна значным пагадненні аб прыярытэтах партнёрства. Як і магчымасці пачаць у найбліжэйшы час афіцыйныя перамовы па базавым пагадненні, нягледзячы на жаданне Менска і асцярожныя аптымістычныя прагнозы асобных еўрапейскіх дыпламатаў”, — лічаць эксперты.
Аўтары маніторынгу падкрэсліваюць, што адносіны Беларусі і ЕЗ не дасягнулі сваёй мяжы. „У беларускіх СМІ прыкметнае распаўсюджванне атрымала меркаванне, што з падпісаннем пагадненняў па візавай фасілітацыі і рэадмісіі адносіны Беларусі і ЕЗ дасягнулі мяжы. Гэтае меркаванне, верагодна, грунтуецца на пераносе на адносіны Мінска і Бруселя логікі адносін ЕЗ з краінамі, якія задэкларавалі мэту далучыцца да ЕЗ. У іх выпадку ўся дынаміка адносін з Бруселем вызначаецца праходжаннем зафіксаваных у дакументах стадый збліжэння. Але для стасункаў з Беларуссю такое параўнанне некарэктнае: гэта два розныя тыпы адносін з рознымі драйверамі і абмежавальнікамі развіцця”, — упэўненыя аналітыкі.
Яны адзначаюць, што ў цэлым працягвае расці інтэнсіўнасць кантактаў Беларусі з дзяржавамі — членамі ЕЗ на высокім узроўні, аднак агульная дынаміка адносін застаецца паступальнай, без рэзкіх прарываў або адкатаў.
Асаблівая ўвага ў дакладзе нададзеная адносінам Беларусі і Літвы. Прагназуецца, што працэс вываду з крызісу палітычных адносін Менска і Вільні будзе праходзіць супярэчліва і нервова, бо адносіны з Беларуссю сталі адным з цэнтральных ўнутрыпалітычных пытанняў у Літве. Згадваецца, што лінія прэзідэнта Гітанаса Наўседы і кіраўніка МЗС Лінаса Лінкявічуса па пошуку выйсця з тупіка ў адносінах з Менскам мае ўплывовых праціўнікаў, асабліва ў асяроддзі кансерватараў.
Пры гэтым эксперты падкрэсліваюць важнасць ажыццёўленага Лінкявічусам у лютым візіту ў Беларусь, бо гэта быў першы візіт кіраўніка літоўскага МЗС пасля рэзкага абвастрэння двухбаковых палітычных адносін у 2014—2015 гадах.
„Агульнае паляпшэнне адносін Беларусі з ЕЗ і ЗША (а таксама публічная адмова Вашынгтона заняць бок Літвы ў канфлікце вакол будаўніцтва БелАЭС і ўсё больш відавочнае раздражненне з нагоды літоўскай пазіцыі з боку многіх дзяржаў — членаў ЕЗ) аб’ектыўна падштурхоўвае афіцыйная Вільня да адраджэння двухбаковага палітычнага парадку дня з Менскам. У гэтым сэнсе сімвалічным стала адно са спадарожных візіту Лінкявічуса мерапрыемстваў: урачысты вечар у гонар дня нараджэння Тадэвуша Касцюшкі, на якім выступілі беларускі і літоўскі міністры, а кіраўнік МЗС Польшчы і дзяржсакратар ЗША накіравалі відэапрывітанні”, — падкрэсліваюць эксперты.