У Польшчы закрылі школы, ВНУ і ўстановы культуры (абноўлена)



У сувязі з імклівым распаўсюджваннем каронавіруса ў Польшчы з 12 сакавіка будуць закрытыя ўсе адукацыйныя ўстановы ( універсітэты, школы, дзіцячыя садкі) ды  ўстановы культуры. Прычым два бліжэйшыя дні школы яшчэ будуць адкрытыя, але не будуць праводзіць заняткаў. Гэта час, каб настаўнікі падрыхтавалі матэрыялы вучням для хатніх заняткаў.

Усе масавыя мерапрыемствы адмененыя, пра гэта паведаміў прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі:

– Мусім зрабіць гэта зараз, нягледзячы на тое, што гэта прывядзе да зрыву нармальнага сацыяльнага і эканамічнага жыцця. У дадзеным  выпадку гэта закране асвету, культуру, вышэйшую адукацыю. Аднак мы гэта робім, выкарыстоўваючы досьвед іншых. Мы кансультуемся з другімі дзяржавамі ЕЗ, а таксама з экспертамі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і яе еўрапейскімі структурамі, што нашы дзеянні правільныя і своечасовыя.

Адміністрацыйныя захады не спыняць эпідэмію, але змогуць яе абмежаваць, адзначае міністар аховы здароўя Лукаш Шумоўскі:

– Вялікі і гарачы заклік да ўсіх, хто, як пан прэм’ер ужо сказаў, не будуць цягам гэтых 13 дзён хадзіць у школы і ВНУ. Гэта не час канікул, не вольны час. Гэта час, калі мы мусім быць дома, у ізаляцыі, стараючыся не заразіцца і не заразіць іншых.

У Польшчы выяўлена 25 пацверджаных выпадкаў каронавіруса. Міністр аховы здароўя адзначае, што закрыццё школаў не звязана з  існуючай эпідэміялагічнай сітуацыяй ў Польшчы, а з прадухіленнем магчымага распаўсюду віруса.

Foto: Jakub Czermiński

* * * 

Новыя выпадкі пацверджаны ў маладога мужчыны з Мазавецкага ваяводства, а таксама ў дзвюх пажылых жанчын з Падкарпацкага і Люблінскага ваяводстваў. 1055 чалавек ў Польшчы ахопленыя каранцінам, 9 366 чалавек пад эпідэміялягічным наглядам.

Як паведаміў прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі, сёння было прынятае рашэнне аб закрыцці ўсіх школаў у Польшчы на 2 тыдні, пачынаючы з заўтрашняга дня. Прынятае таксама рашэнне аб закрыцці ўстановаў культуры і ўсіх ВНУ.

Пакуль на Падляшшы не выяўлены пацверджаныя выпадкі каронавіруса. Урад краіны запэўнівае, што ўлады падрыхтаваныя да непазбежнай ўспышкі эпідэміі і прадпрынятыя захады неабходныя, каб максімальна прадухіліць разпаўсюджванне віруса.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота wyborcza.pl