Андрэй Уцюрын прызнаў віну ў судзе



Былы намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі Андрэй Уцюрын падчас судовага разбору 11 сакавіка прызнаў віну, адзначыўшы пры гэтым, што ў яго „ёсць сумневы ў кваліфікацыі дзеянняў”, пра што ён пазней скажа.

Як паведамлялася, разгляд крымінальнай справы з 16 абвінавачанымі, у ліку якіх Уцюрын, Вярхоўны суд пачаў 10 сакавіка. Справу разглядаюць у будынку суда Маскоўскага раёна Менска. У справе 47 тамоў. Выстаўленыя абвінавачанні васьмі службовым асобам дзяржаўных органаў і банкаўскіх устаноў і васьмі прадстаўнікам камерцыйных структур за здзяйсненне злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 430 і 431 (атрыманне і даванне хабару) Крымінальнага кодэкса.

Уцюрын знаходзіцца пад вартай з 25 красавіка 2019 года. Ён абвінавачваецца ў атрыманні хабару не менш як на 190 тыс. долараў ЗША і падбухторванні да давання хабару (ч. 3 арт. 430, ч. 5 арт. 16, арт. 431). Згодна з зачытаным пракурорам Кірылам Чубкаўцом абвінавачаннем, Уцюрын у 2014 годзе падрыхтаваў дакладную запіску кіраўніку дзяржавы з прапановай мадэрнізаваць сістэму аховы ў турме № 8. Пасля чаго дасягнуў шэрагу дамоўленасцей аб закупцы пэўнага ахоўнага абсталявання, даўшы падначаленым распараджэнні адносна ўдзелу ў таргах ТАА „ТТ-Сувязькам „(Менск).

Пасля перамогі ў таргах „ТТ-Сувязькаму” і пералічэння сродкаў згодна з дамовай, паведаміў пракурор, Уцюрын атрымаў у якасці хабару ад дырэктара гэтага прадпрыемства Уладзіміра Томчанкі не менш як 9 тыс. долараў ЗША. Грошы яму перадаў пасрэднік Уладзімір Казанцаў — прадстаўнік кампаній „Смартлабс” і „УГМК-Тэлекам”.

У 2018 годзе Уцюрын прыняў у два этапы хабар у 183 тыс. долараў ад прадстаўнікоў кампаній „Смартлабс” і „УГМК-Тэлекам” Уладзіміра Казанцава і Віталя Гарбачова.

Паводле слоў пракурора, грошы перадаваліся за садзейнічанне ў закупцы ў названых прадпрымальнікаў абсталявання для інтэрактыўнага тэлебачання Zala. У выніку ў вышэйзгаданых кампаній было закуплена 100 тысяч праграмных комплексаў Smart Zala.

Для ажыццяўлення закупак Уцюрын, паводле слоў пракурора, даў адпаведнае ўказанне міністру сувязі і інфармацыі Сяргею Папкову, які не ведаў пра яго злачынныя намеры.

Уцюрын, паведаміў пракурор, таксама „схіліў Казанцава да давання хабару былому генеральнаму дырэктару РУП „Белтэлекам” Сяргею Сівадзедаву”, якому Казанцаў перадаў 15 тысяч еўра. Гэта было зроблена з мэтай закупкі прыставак Zala.

belapan.by