„Белгазпрамбанк” запусціў беларускую версію сайта
„Белгазпрамбанк”, адзін з сістэмна ўтваральных банкаў Беларусі, запусціў беларускамоўную версію карпаратыўнага сайта ўслед за абнаўленнем інтэрфейсаў банкаматаў, якія са жніўня 2019 года сталі падтрымліваць кітайскую і беларускую мовы, паведамляе прэс-служба банка.
„Напаўненне сайта, у адрозненне ад статычнага інтэрфейсу прылад, дынамічнае, таму патрабуе працэснага падыходу ў рэалізацыі задачы па мультымоўнай падтрымцы”, — пракаментаваў начальнік упраўлення інфармацыйнай палітыкі Аляксей Федарынчык.
Ён адзначыў, што пры працы з кантэнтам, які рэгулярна абнаўляецца, асноўная праблема — „гэта памнажэнне працавыдаткаў на суправаджэнне кантэнту, якія кратныя колькасці падтрыманых моўных версій”.
„У той жа час актуальныя магчымасці машыннага перакладу дазваляюць значна спрасціць задачу па падтрыманні любой колькасці моўных версій”, — удакладніў Федарынчык.
Як паведамляе прэс-служба, аб’ём адначасова перакладзенай інфармацыі карпаратыўнага сайта „Белгазпрамбанка” склаў больш за тры мільёны сімвалаў, „пры гэтым алгарытм перакладу ў далейшым будзе прымяняцца да новага альбо абноўленага кантэнту”.
„Беручы пад увагу асаблівасці машыннага перакладу і ў мэтах паляпшэння яго якасці, „Белгазпрамбанк” выкарыстоўвае як уласны рэсурс, так і механіку краўдсорсінгу, адкрываючы карыстальнікам магчымасць паведаміць сваю версію перакладу”, — гаворыцца ў паведамленні.
У пачатку сакавіка стала вядома, што ў Нацыянальны банк паступаюць звароты грамадзян аб выкарыстанні беларускай мовы пры аказанні фінансавых паслуг. У сувязі з гэтым Нацбанк паставіў гэтае пытанне перад банкаўскай сістэмай.
На мінулым тыдні Асацыяцыя беларускіх банкаў звярнулася ў камерцыйныя банкі ў сувязі з узніклай сітуацыяй. У лісце асацыяцыі гаварылася, што Нацыянальны банк просіць разгледзець банкаўскай супольнасцю магчымасць дапрацоўкі праграмнага забеспячэння (у банкаматах, інфакіёсках, мабільных праграмах) з мэтай адлюстравання інфармацыі ў тым ліку на беларускай мове.
Акрамя гэтага, Нацбанк просіць разгледзець магчымасць забеспячэння працы беларускамоўнай версіі сайтаў банкаў і афармлення паводле патрабавання кліента банкаўскіх дамоў на беларускай мове.
Да 26 сакавіка банкі павінны накіраваць у асацыяцыю меркаванні адносна магчымасці пашырэння даступнасці фінансавых паслуг для насельніцтва на беларускай мове, магчымых тэрмінах дапрацоўкі праграмных інтэрфейсаў банкаматаў, інфакіёскаў, лічбавых каналаў абслугоўвання.