У Беластоку вучаць, як шукаць партнёраў за мяжой



Бізнесоўцы, прадстаўнікі буйных кампаній і фізічныя асобы сустрэліся ў Беластоку на канферэнцыі прысвечанай замежным рынкам – у першую чаргу Вялікабрытаніі.

„Галоўнай мэтай мерапрыемства стала прэзентацыя магчымасцяў бізнес-супрацоўніцтва на брытанскім рынку, бо важна ведаць звычаі, якія там існуюць, пазнаёміцца з асноўнымі законамі”, – кажа юрыст адной з лонданскіх фірмаў Себасцьян Шулькоўскі:

– Найважнейшая рэч, якую кожны прадпрымальнік павінен ведаць – гэта з кім ажыццяўляецца гаспадарчая дзейнасць – праверка па рэестру гэтага прадпрымальніка. Чарговай вельмі істотнай рэччу з’яўляецца тое, ці прадпрымальнік плацежаздольны – гэта правяраецца па рэестрах фірмаў, якія займаюцца ацэнкай фінансавай здольнасці.

„Пачынаючы бізнес у Вялікабрытаніі можна сутыкнуцца з пэўнымі ментальнымі бар’ерамі”, кажа Анджэй Пяшчынскі з транспартнай фірмы:

– Ангельскія партнёры могуць непакоіцца з гледзішча на тое, што Польшча з’яўляецца даволі далёкай краінай. Але адназначна цяпер прасцей, чым дзесяць гадоў таму, польскія фірмы маюць даволі добрую рэпутацыю. Вялікабрытанія лічыць польскі рынак больш прывабным, чым, напрыклад, італьянскі рынак, які з’яўляецца даволі герметычным, ці рынак румынскі, балгарскі.

Удзельнікі канферэнцыі даведаліся, як пачаць супрацоўніцтва з брытанскімі партнёрамі, а таксама змаглі атрымаць юрыдычныя парады і практычную інфармацыю, як адкрыць прадпрыемства ў Вялікабрытаніі.

Беларускае Радыё Рацыя