Пабачыў свет чарговы нумар альманаху „Новы Замак”



Новы нумар гадавіка, літаратурнага альманаху „Новы Замак” пабачыў свет. Са сваімі новымі літаратурнымі творамі знаёмяць вядомыя пісьменнікі і паэты – сябры гарадзенскай абласной арганізацыі Саюзу беларускіх пісьменнікаў.

Галоўны рэдактар альманаху Янка Трацяк перакананы, што гэты нумар задаволіць густы аматараў мастацкага слова ў шырокім спектры жанраў.

– Новая вокладка ў нас гаворыць, што Нёман аб’ядноўвае ўсю Гарадзеншчыну і такой стужкай яднае ўсіх пад адной вокладкай. А помнік – гэта помнік Льву Сапегу, таму што гэта была галоўная падзея года – адкрыццё помніка ў Слоніме, і мы гэта зафіксавалі на вокладцы. Ён быў адкрыты ў Дзень пісьменства. Таму нейкае дачыненне мае да літаратурнага працэсу.

У нумары „Новага Замку” прадстаўлены празаікі і паэты Наваградку, Слоніма, Ліды, Шчучына і Гарадзеншчыны.  Але пакуль што ў альманаху прэзентавана не ўся Гарадзеншчына паводле геаграфіі. Кажа Янка Трацяк:

– А астатнія рэгіёны ў нас пакуль што не кранутыя – Воранава, Ашмяншчына, Смаргоншчына, Астравеччына. Чаму? Бо няма асобаў. Як бы творчыя людзі можа там і ёсць, але неяк так атрымалася, ад першага нават нумару, з імі ніхто кантакты не наладжваў. Зразумела, што гэта і наша недапрацоўка, ехаць трэба было туды. Напрыклад, Жамойцін друкаваўся ў першых нумарах, зараз не друкуецца. Чаму не друкуецца? Таму што, відаць, ніхто да яго не звярнуўся.

Пакуль не вызначаны дакладны час і дзень правядзення прэзентацыі альманаха. Але вядома, што дакладна адбудзецца ў гарадзенскім „Цэнтры гарадскога жыцьця” ў сакавіку.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя