Чэмпіянат Польшчы па хакеі завершаны з-за каронавіруса
Чэмпіянат Польшчы па хакеі датэрмінова завершаны з-за пагрозы распаўсюджвання каронавіруса. Чэмпіёнам абвешчаны клуб ГКС (Тыхы), які выйграў рэгулярны чэмпіянат. Астатнія месцы таксама размеркаваны па выніках «гладкага» чэмпіянату – срэбра ў «Уніі» (Асвенцым), уладальнікамі бронзы сталі ГКС (Катавіцэ) і ГКС (Ястшэб’е). Такім чынам, чэмпіёнамі Польшчы сталі два беларускія хакеісты – Аляксандр Яронаў і Аляксей Яфіменка, а таксама трэнер Сяргей Шапяцюк.
Беларус Дзмітрый Лазоўскі стаў 5-м у індывідуальнай гонцы на юніёрскім ЧЕ па біятлоне
Беларускі спартовец Дзмітрый Лазоўскі стаў пятым у індывідуальнай гонцы на чэмпіянаце Еўропы па біятлоне сярод юніёраў у аўстрыйскім Хохфільцэне. На вышэйшую прыступку п’едэстала ўзняўся чэх Вітэслаў Хорніг. Сярэбраную ўзнагароду заваяваў славенец Алекс Цысар. Замкнуў тройку наймацнейшых італьянец Патрык Браўнхофер. Іншыя беларускія спартоўцы паказалі наступныя вынікі: Іван Тулацін стаў 29-м, Ілля Аўсеенка – 35-м. Аляксандр Кошын размясціўся на 45-й пазіцыі выніковага пратаколу, Святаслаў Зайчанка – на 80-й.
Адзін з лідараў зборнай Грузіі Жано Ананідзе прапусціць матч з камандай Беларусі
Паўабаронца «Анартосіса» Жано Ананідзе не дапаможа зборнай Грузіі ў матчы плэй-оф кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2020 з камандай Беларусі. Былы гулец «Спартака» атрымаў траўму на трэніроўкі кіпрскага клуба. Абследаванне паказала, што Ананідзе парваў звязку калена. Футбаліст выбыў на некалькі тыдняў, таму ён будзе вымушаны прапусціць найважнейшы паядынак нацыянальнай каманды, паведамляе афіцыйны сайт «Анартосіс».
Цікава, што Федэрацыя футбола Грузіі (ФФГ) прыняла рашэнне прыпыніць чэмпіянат краіны да 1 красавіка з-за каронавіруса. 26 сакавіка ў Тбілісі павінен прайсці матч плей-оф EUROʼ2020 Грузія – Беларусь.
У Гомелі зафіксаваны першы выпадак COVID-19. Малады спартовец прыляцеў з Партугаліі
10 сакавіка тэст на каронавірус аднаго з гамяльчан даў станоўчы вынік. 20-гадовы спартовец вярнуўся ў гэты дзень з Партугаліі, дзе прымаў удзел у спаборніцтвах па спартовай акрабатыцы. Каманда прыляцела ў Менск, аднак на той момант сімптомаў захворвання ў спартоўца выяўлена не было. Па вяртанні ў Гомель яму стала дрэнна, ён быў шпіталізаваны. Вядома, што хлопец знаходзіцца ў ізаляцыі ў Гомельскай абласной інфекцыйнай лякарні. Пад назіранне ўзята больш за дзесяць асоб «узроўню першага кантакту».
Кваліфікацыйныя турніры па дзюдо на Гульні-2020 адменены з-за каронавіруса
Усе алімпійскія кваліфікацыйныя спаборніцтвы па дзюдо адменены да канца красавіка. Такое рашэнне прыняла Міжнародная федэрацыя гэтага віду спорту (IJF) з-за сітуацыі з распаўсюдам каронавіруса. У лік адмененых турніраў увайшоў этап сусветнай серыі «Вялікага шлема» ў Екацярынбургу (Расея) з 13 па 15 сакавіка, а таксама этапы серыі Гран-пры ў Тбілісі (Грузія) з 27 па 29 сакавіка і Анталлі (Турцыя) з 3 па 5 красавіка. Раней таксама быў адменены турнір у Рабаце (Марока). У Міжнароднай федэрацыі дзюдо лічаць, што на дадзеным этапе вельмі важна здароўе атлетаў.
Беларускае Радыё Рацыя