Вярхоўны суд 17 сакавіка разгледзіць скаргу БАЖ



У Вярхоўным судзе 17 сакавіка адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) на адмову спрашчаць правілы праходу ў будынкі судоў Менска журналістаў з прафесійнай апаратурай, паведамляе прэс-служба БАЖ. Летась 1 кастрычніка намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў перадаў старшыні Менскага гарадскога суда Паўлу Каршуновічу зварот з прапановай змяніць інструкцыю па парадку наведвання будынкаў гарадскога і раённых судоў Менска, асобныя палажэнні якой, на думку арганізацыі, парушаюць правы журналістаў.

Такая выснова была зроблена з-за таго, што па інструкцыі допуск прадстаўнікоў СМІ, а таксама «ўнос імі ў будынак суда радыё, – тэле, – кіна, – фота, – гуказапісвальнай і ўзмацняльнай апаратуры» магчымы «па вусным альбо пісьмовым узгадненні з асобай, адказнай за ўзаемадзеянне са СМІ». У асацыяцыі лічаць, што такі парадак «з’яўляецца дыскрымінацыйным і перашкаджае ажыццяўленню журналістамі іх прафесійных абавязкаў».

У адказе на гэты зварот Каршуновіч паведаміў, што палажэнні згаданай інструкцыі «накіраваныя на абарону канстытуцыйных, асабістых немаёмасных правоў грамадзян, такіх як свабода, недатыкальнасць і годнасць асобы, асабістае жыццё, гонар і годнасць, у тым ліку правоў на выкарыстанне і ахову выяваў».

Старшыня суда прызнаў, што пытанне аб унясенні зменаў альбо дапаўненняў у гэты дакумент адносіцца да кампетэнцыі Мінгарсуда, але падкрэсліў, што «цяпер падстаў для карэкціроўкі палажэнняў інструкцыі няма».

Беларуская асацыяцыя журналістаў не пагадзілася з гэтым і паспрабавала абскардзіць пазіцыю Мінгарсуда ў эканамічным судзе сталіцы, але беспаспяхова. Пасля гэтага было вырашана абскардзіць пастанову эканамічнага суда, які не стаў на бок БАЖ, у Вярхоўным судзе ў парадку касацыі.

Беларускае Радыё Рацыя