Не пакідай літаратуры нашай, каб не ўмёрлі
Адна беларуская фірма вопраткі адзначыла сусветны дзень пісьменніка, выпусціўшы цішоткі з цытатамі з літаратурных твораў. Задума – добрая. Толькі вось чамусьці месца для беларускіх аўтараў там не знайшлося. Маўляў, патлумачыла піяр-менеджэрка фірмы, цытаты расейскіх аўтараў Дастаеўскага, Гогаля і Булгакава падаліся наймацнейшымі і найактуальнейшымі. Такое адчуванне, што веданне беларускіх літаратуры скончылася ў яе недзе на школьным узроўні. Хаця і ў межах школьных падручнікаў можна было б знайсці штосьці наймацнейшае і найактуальнейшае. А калі не ведаеш, дык можна было б спытаць. Абы было жаданне, як той казаў. Вунь Андрэй Хадановіч для Радыё Свабода адразу 10 цікавых і трапных цытат узгадаў. Сярод якіх – “Кепска будзе”, “Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы”, “Паскудства, брат, і не пытайся”, “Толькі не гавары маёй маме” і мноства іншых.
Потым, праўда, у кампаніі, запэўнілі, што створаць і лімітаваную серыю з цытатамі беларускіх аўтараў. А гэтая нібыта больш глабальная, то бок скіраваная не толькі на беларускі рынак, але і не рынкі Расеі, Казахстана і Узбекістана, дзе таксама ёсць фірмовыя крамы. Добра. Калі з расейскім рынкам зразумела, то чаму для Казахстана і Узбекістана не ўзяць іхніх пісьменніка ці пісьменніц: для Узбекістана таго ж Худайберды Тухтабаева, а для Казахстана – Ляйлі Султанкызы. Прычым надпісы зрабіць на мове той краіны, для якой арыентуецца кампанія па вырабе вопраткі. А можа быць, яны не ў курсе, што ва ўзбекаў і казахаў ёсць свае літаратары. Хаця, калі яны сярод сваіх не змаглі знайсці годных аўтараў і цытат, то што ўжо казаць пра літаратуру Узбекістана і Кахахстана.