Беларускія плыўцы заваявалі 15 медалёў на турніры ў Швецыі



Беларускія спартоўцы заваявалі 15 узнагарод (11 залатых і чатыры бронзавыя) на міжнародным турніры па плаванні Swedish Grand Prix, які прайшоў у Мальме. Спартоўка з Берасця Анастасія Шкурдай падымалася на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару на дыстанцыях 100 м на спіне, 50 м і 100 м батэрфляем. Яўген Цуркін заваяваў залатыя медалі на 100 м і 50 м батэрфляем і на 100 м вольным стылем.

Аліна Змушко стала першай на дыстанцыях 50 м і 100 м брасам. Яе партнёр па камандзе Іван Адамчук стаў лепшым на 200 м на спіне.  Ілля Шымановіч выйграў на дыстанцыі 50 м брасам. Беларуская каманда стала першай у змяшанай эстафеце 4х100 м вольным стылем.

Хакеісты „Юнацтва” выйгралі ў „Дынама-Маладзечна” у першым матчы паўфінальнай серыі

Двойчы прайграючы па ходу гульні, хакеісты „Юнацтва” перамаглі „Дынама-Маладзечна” ў першым матчы паўфінальнай серыі Кубка Прэзідэнта. Паядынак на „Чыжоўка-Арэне” завяршыўся на карысць шматразовых чэмпіёнаў Беларусі з лікам 3:2.”Юнацтва” павяло ў серыі да чатырох перамог – 1:0. 12 сакавіка ў барацьбу на паўфінальнай стадыі ўступяць гарадзенскі „Нёман” і салігорскі „Шахцёр”.

Валейбалісты „Будаўніка” і „Шахцёра” дамагліся чарговых перамог у чвэрцьфінале чэмпіянату Беларусі

Валейбалісты „Будаўніка” і „Шахцёра” дамагліся гасцявых перамог у матчах групы А чвэрцьфінальнай стадыі чэмпіянату Беларусі. Сталічная дружына адолела Абухоўскі „Легіён” – 3:0, а „Шахцёр” прымусіў саступіць гомельскую „Энергію” – 3:1. Іншыя паядынкі другога круга чвэрцьфіналу ў групе А, дзе сабраны каманды, якія працягваюць весці барацьбу за медалі, будуць згуляныя 14 і 18 сакавіка.

Менскія „Цмокi” паўторна саступілі „Бако Бірз” і завяршылі выступы ў Кубку ФІБА-Еўропа

Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” завяршылі выступы ў розыгрышы Кубка ФІБА-Еўропа. Падначаленыя Расціслава Вергуна прайгралі ў Менску дацкаму клубу „Бако Бірз” з лікам 87:93. Тыдзень таму ў Орхусе „мядзведзі” таксама перайгралі „цмокаў” – 79:66.

«Ліверпуль» ўпершыню пры Клопе вылецеў з еўракубкаў

«Ліверпуль» спыніў удзел у бягучым розыгрышы Лігі чэмпіёнаў, двойчы прайграўшы «Атлетыка».  Пасля хатняй перамогі 1:0 іспанскі клуб у гасцях прайграў у асноўны час з тым жа лікам 0:1. „Ліверпуль” меў перавагу, але не здолеў забіць вырашальны другі мяч. У дадатковы час Фірміна падвоіў перавагу мерсісайдцаў. Але ўжо праз тры хвіліны памыліўся брамнік Адрыян і Л’ёрэнтэ адыграў адзін мяч. Каманда Дыега Сіміёнэ працягнула гуляць на контратаках, і Л’ёрэнтэ і Марата аформілі сенсацыйную гасцявую перамогу — 3:2. Такім чынам, „Ліверпуль” ўпершыню пры Юргене Клопе выбыла з еўракубкавых турніраў.

ПСЖ пасля паразы ў гасцях ад дортмундскай „Барусіі” 1:2 на сваім полі перамог 2:0 дзякуючы галам Неймара і Эмрэ Джана. Сустрэча праходзіла без гледачоў. «ПСЖ» ў шосты раз выйшаў у 1/4 фіналу Лігі чэмпіёнаў. Гэта рэкорд для французскіх клубаў. Раней першымі чвэрцьфіналістамі Лігі чэмпіёнаў сталі „Аталанта” і „Лейпцыг”.

Аляксандр Глеб завяршыў кар’еру ў 38 гадоў

Апошнім клубам беларускага паўабаронцы стала «Іслач». Аб завяршэнні кар’еры Глеб заявіў на адмысловай прэс-конфренцыі пасля прагляду дакументальнага фільма Белтэлерадыёкампаніі пра яго кар’еру, перадае pressball.by. Выхаванец менскага „Дынама” ў перыяд з 2000 па 2011 гады пагуляў у складзе грандаў еўрапейскага футбола: нямецкага «Штутгарта», ангельскага „Арсенала” і іспанскай «Барселоны». У складзе зборнай Беларусі Глеб правёў 80 матчаў і забіў 6 галоў.

ЕГФ перанесла адборавыя матчы жаночага ЧЕ паміж Беларуссю і Косава

У сувязі з эпідэміяй каронавіруса Еўрапейская федэрацыя гандбола прыняла рашэнне перанесці на першы тыдзень чэрвеня матчы трэцяга і чацвёртага тураў адборавага турніру жаночага чэмпіянату Еўропы-2020.

Матчы беларускіх і косаўскіх гандбалістак павінны былі прайсці 25 сакавіка ў Прышціне і 29 сакавіка ў Менску.

Восьмы этап Кубка свету па біятлоне адкрыецца мужчынскай спрынтэрскай гонкай у Кантыялахці

Восьмы этап Кубка свету па біятлоне стартуе 12 сакавіка мужчынскай спрынтэрскай гонкай у фінскім Кантыялахці. У спрынтарскай гонцы, якая пачнецца ў 17.30, зборную Беларусі прадставяць Раман Елетнаў, Антон Смольскі, Сяргей Бачарнікаў і Максім Верабей. Працягнуцца спаборніцтвы заўтра спрынтам у жанчын.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя