Першы танкер з азербайджанскай нафтай прыбывае ў Адэсу



 Першы танкер з азербайджанскай нафтай для Мазырскага НПЗ 12 сакавіка прыбудзе ў Адэсу, паведамілі БелаПАН у канцэрне „Белнафтахім”.

Танкер загружаны 90 тысячамі тон нафты Azeri light у турэцкім порце Джэйхан 6 сакавіка. Ва ўкраінскім порце Паўднёвы ён павінен быць 12 сакавіка пасля абеду.

У другой і трэцяй дэкадах сакавіка „Белнафтахім” чакае ў Адэсе яшчэ два танкеры з нафтай Дзяржаўнай нафтавай кампаніі Азербайджана (SOCAR). На гэтых суднах даставяць 160 тысяч тон нафты. У Беларусі разлічваюць, што сёлета SOCAR паставіць да 1 млн тон нафты для Мазырскага НПЗ.

Тым часам на наваполацкі завод „Нафтан” пачаліся пастаўкі расейскай нафты, набытай у трэйдараў з перавалкай у Клайпедзе. Першы танкер прыбыў у порт 4 сакавіка. Другі танкер чакаецца ў сярэдзіне сакавіка. Агульны аб’ём нафты складае 160 тысяч тон. З порта на завод нафту дастаўляюць па чыгунцы.

„Белнафтахім” закупляе нафту ў альтэрнатыўных пастаўшчыкоў на фоне рознагалоссяў па цане з буйнымі расейскімі кампаніямі. Нават у выпадку нармалізацыі паставак з Расеі Беларусь мае намер штомесяц закупляць мінімум два танкеры альтэрнатыўнай нафты, заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас пасля сустрэчы з расейскім калегам Міхаілам Мішусціным 11 сакавіка ў Маскве.

„Беларусь прыняла рашэнне, што ўсё роўна мінімум па адным танкеры на кожны завод у месяц мы будзем браць незалежна ад таго, дамовімся мы з Расейскай Федэрацыяй ці не, таму што пытанні эканамічнай бяспекі, пытанні дыверсіфікацыі паставак абмеркаваныя, рашэнні прынятыя. Пытанне толькі ў тым, будзем мы браць шмат гэтай альтэрнатыўнай нафты, як мы сёння бяром, ці гэта будуць мінімальныя партыі для таго, каб мы разумелі і адчувалі рынак”, — сказаў Румас.

belapan.by