Даляр ЗША і еўра зноў рэзка падаражэлі на біржавых таргах



Даляр ЗША і еўра 12 сакавіка зноў рэзка падаражэлі на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы і амаль дасягнулі гістарычных максімумаў, зафіксаваных 9 сакавіка.

Па выніках таргоў курс даляра ЗША вырас на 0,0333 рубля (1,44%) да 2,3474 рубля.

Курс еўра павялічыўся на 0,0257 рубля (0,98%) і склаў 2,6471 рубля.

Курс расейскага рубля знізіўся на 0,0707 рубля (2,18%) і склаў 3,1656 беларускага рубля за 100 расейскіх.

У курсаўтварэнні Нацбанк выкарыстоўвае механізм прывязкі курсу рубля да кошыка валют, у якім удзельная вага расейскага рубля складае 50%, даляра ЗША і еўра — 30 і 20%.

Беларускі рубель рэагуе на дынаміку курсу расейскага рубля, якая шмат у чым залежыць ад цэн на нафту. Сусветныя цэны на нафту зніжаюцца прыкладна на 5% з-за так званай нафтавай вайны, якую развязалі АПЕК і Расея, а таксама ў сувязі з забаронай пасажырскіх зносін ЗША з Еўропай з-за пандэміі каронавіруса. Пад поўдзень бараль маркі Brent таргаваўся на ўзроўні 33,8 даляра ЗША, сведчаць дадзеныя таргоў.

Папярэдні раз курсы даляра і еўра рэзка выраслі ў Беларусі 9 сакавіка — таксама следам за падзеннем расейскага рубля пасля рэзкага патаннення нафты. Біржавы курс амерыканскай валюты павялічыўся з 2,2396 да 2,3518 рубля (гістарычны максімум), еўрапейскай — з 2,5178 да 2,6750 (таксама новы рэкорд). 10 і 11 сакавіка курсы даляра і еўра знізіліся. 11 сакавіка еўра страціў 0,0141 пункта і завяршыў сесію на адзнацы 2,6214 беларускага рубля. На таргах далярам мінус склаў 0,0067 пункта — 2,3141.

Каментуючы сітуацыю, прэм’ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што Нацбанк не будзе штучна стрымліваць беларускі рубель, а на валютным рынку Беларусі ніякай панікі няма.

belapan.by