Мікалай Казлоў: Хочацца, каб і незаангажаваныя ў палітыцы ўдзельнічалі ў галасаванні
Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў ацаніў першы (віцебскі) этап свайго ўдзелу ў народным галасаванні.
Нагадаем, што галасаванне прайшло ў сямі гарадах Віцебскай вобласці. Па выніках “віцебскага этапа” ў лідарах сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Павел Севярынец, які атрымаў падтрымку 166 чалавек.
На другім месцы – старшыня руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч – 56 галасоў, затым ідуць выконваючы абавязкі старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў (29), намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч (8) і сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Вольга Кавалькова (5).
Зараз галасаванне будзе праходзіць у Берасцейскай вобласці: 13 сакавіка – у Бярозе, 14 сакавіка – у Берасці і Драгічыне, 15 сакавіка – у Пінску і Століне.
Мікалай Казлоў: Усё праходзіць быццам бы нармальна. Але мне хацелася б, каб у народным галасаванні ўдзельнічалі не толькі прадстаўнікі тых ці іншых апазіцыйных структур (у асноўным на сустрэчы прыходзяць толькі яны), але і простыя грамадзяне.
Неяк так атрымліваецца, што няма шырокай інфармацыі пра нашы сустрэчы і народнае галасаванне, а таму многія пра яго нават і не ведаюць. Адным словам, мне падаецца, што недастаткова інфармавання. Вельмі хацелася б бачыць на сустрэчах больш людзей, якія не заангажаваны ў палітыку, але з’яўляюцца выбарцамі.
РР: Адным словам, пакуль выбары праходзяць толькі сярод сваіх…
Мікалай Казлоў: Пакуль што менавіта такая карціна. Бо тыя, хто прыязджае на галасаванне, ужо ведаюць, куды едуць і за каго галасаваць.
РР: Мясцовыя ўлады ў Віцебскай вобласці не чынілі перашкоды?
Мікалай Казлоў: Не было перашкод і, спадзяюся, надалей таксама хопіць розуму не ставіць нам палкі ў колы. Гэта нікому не патрэбна.
РР: На некаторыя сустрэчы прыходзілі нават чыноўнікі райвыканкамаў. Адсочвалі стуацыю?
Мікалай Казлоў: Думаю, гэта не іх ініцыятыва, ім загадалі нас кантраляваць такім чынам. А мы і не супраць. Прыйшлі людзі, паслухалі, няхай так і будзе. А можа нехта ў якую-небудзь апазіцыйную партыю хацеў запісацца, але пасаромеліся?
РР: Па выніках галасавання ў Віцебскай вобласці вы пакуль ідзеце на трэцім месцы. Як ацэньваеце такі вынік?
Мікалай Казлоў: Нармальны вынік, калі ўлічваць, што галасаванне праходзіла ў тых гарадах, дзе нашых структур наогул няма. Акрамя таго, асноўная барацьба яшчэ наперадзе.
Кастусь Заблоцкі. Беларускае Радыё Рацыя