„Спадар Свабода”. Выйшла кніга пра Ігара Гермянчука



„Спадар Свабода” – гераічная біяграфія-раман пра Ігара Гермянчука выйшла ў серыі „Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе”.

Яе аўтар пісьменнік, журналіст Сяргей Астраўцоў:

У беларускай літаратуры не распрацаваны жанр біяграфіі. Напрыклад, ва ўсім свеце назіраецца ўсплёск цікавасці да біяграфій вядомых людзей. Дзе ні вазьмі, у Штатах, у Польшчы, у Расеі, вельмі актыўна ён пашыраецца. У Беларусі пачала выходзіць серыя „ЖЗЛБ”, але там збіраюцца зборнікі ўспамінаў многіх людзей. Гэта, канешне, вельмі важна – захаваць успаміны, якім быў чалавек.

„Спадар Свабода” – кніга пра сяброў і ворагаў, пра палітычнае жыццё 90-х гадоў. У віры гэтых падзей быў рэдактар газета „Свабода”, герой кнігі Ігар Гермянчук. Не адзін дзясятак успамінаў пра яго сабраў аўтар перш чым укласці і напісаць гэтую кнігу:

– Усё жыццё тут ёсць, канешне, проста больш успамінаў людзей, нейкія іншыя моманты, альбо ўспаміны пра тое, пра што я пішу па сваёй памяці, альбо са словаў іншых людзей. Чым больш я працаваў, тым больш збіралася матэрыялу. Спачатку не ведаеш, як ты напішаш, у цябе няма нічога па сутнасці. Потым збіраецца вельмі многа матэрыялу, які нельга ўціснуць у адну кнігу. Я збіраюся займацца і далей, каб успаміны людзей усё ж такі былі апублікаваныя.

Кніга забяспечана імянным паказнікам, а таксама архіўнымі здымкамі.

Ігар Гермянчук (1961 – 2002) — беларускі журналіст і грамадскі дзеяч, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання, былы рэдактар забароненай газеты „Свабода” і г. д.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня