Пасля 45 сутак арышту на волю выйшаў паэт і блогер Алесь Круткін



Апошнія 15 сутак яму прысудзілі ў Лепелі за тое, што ён наклеіў налепку “Калгаснай дыктатуры – баста”.

За гэта хлопца пакаралі паводле часткі 2 артыкула 23.34 КоАП – нібыта ён правёў несанкцыянаваны пікет. Галоўным доказам ягонай віны стаў батончык “Снікерс” , кажа Алесь Круткін:

– Абвінавацілі зноў-такі за пікетаванне. За тое, што я расклеіў налепкі ў Лепелі на аўтобусным прыпынку. На відэазапісе з камеры было відаць, што нехта наклейвае налепку, але не відаць, хто, здалёк. І тое, што я набываю “Снікерс”. Там прысудзілі за налепкі 15 сутак і прывезлі назад, у віцебскі ІЧУ. Таму гэты прысуд яшчэ будзе абскарджаны.

Алеся Круткіна звінавацілі за налепкі як за парушэнне заканадаўства пра масавыя акцыі ўжо не ўпершыню. Суд у Лепелі адбыўся 26-га лютага, перад тым блогер адбыў 15 сутак арышту за расклейванне налепак “Калгаснай дыктатуры – баста” у Віцебску. Яшчэ раней 15 сутак яму давялося правесці за кратамі за ўдзел у менскай акцыі пратэсту супраць паглыбленай інтэграцыі. За 45 сутак зняволення хлопец напісаў 56 вершаў, якія цяпер збіраецца размяшчаць у сацыяльных сетках. А можа, і выдаць асобным зборнікам. Адзін з вершаў ён прачытаў на просьбу сяброў проста пад сценамі ізалятара.

Сябрам і аднадумцам, якія прыйшлі сустракаць Алеся Круткіна, гэта ўдалося не адразу: актывіста кампаніі “Еўрапейская Беларусь” вывезлі з ІЧУ і пад вартай даставілі ў аддзел міліцыі Чыгуначнага раёна на прафілактычную гутарку. Найверагодней, дзеля таго, каб перашкодзіць сустрэчы са сцягамі і з удзелам вядомых блогераў. Але хлопец па вызваленні сам прыехаў да сяброў на таксоўцы.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск