Рубель абваліўся. Ці будуць расці цэны?
Эканаміст Барыс Жаліба патлумачыў, ці справакуе падзенне беларускага рубля рост цэнаў у Беларусі.
Зніжэнне коштаў на нафту пацягнула за сабой абвал расейскага рубля, а суадносна і беларускага. Ці будуць гандляры прывязваць валютны курс да коштаў на тавары?
Такім чынам, у студзені інфляцыя была каля 1 адсотка, а яшчэ і ў лютым 1 адсотак. Гэта вельмі шмат. Звычайна сярэднемесячная інфляцыя ў Беларусі – 0,5 адсотка. А зараз гэтая лічба падвоілася.
Барыс Жаліба: Ужо ёсць істотнае падвышэнне – інфляцыя за студзень склала 1 адсотак, цэны на тавары і паслугі выраслі. І гэта нават не ўлічваючы апошнія падзеі з абвалам коштаў на нафту і дэвальвацыяй беларускага рубля. Мы шмат страцілі ў экспарце нафтапрадуктаў пасля канфлікту з Расеяй, а таму мелі такую інфляцыю ў студзені.
РР: Дэвальвацыя рубля паскорыць падвышэнне цэнаў?
Барыс Жаліба: Безумоўна. Хутчэй за ўсё, рубель не адыграе свае пазіцыі, якія былі да абвалу коштаў на нафту. Ёсць закон эканомікі, згодна з якім дэвальвацыя ідзе нага ў нагу з інфляцыяй.
Калі падаражэў даляр, то падаражэе і ўвесь імпарт. Арганізацыі, якія будуць займацца імпартам, набываюць даляры значна даражэй, а таму імпартныя тавары таксама будуць даражэйшыя. Таму ў студзені-лютым была інфляцыя з-за зніжэння экспарту нафтапрадуктаў, а зараз абвал рубля яшчэ больш паскорыць рост цэнаў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя