Хрыстафор Жаляпаў: Мяне абвясцілі здраднікам „рускаму міру”



– Праблема адмаўлення беларускай мовы, гісторыі і дзяржаўнасці паўстала не сёння. Яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў мы спрачаліся з прадстаўнікамі “Славянскага сабору”, і яго прадстаўнікі абвясцілі мяне здраднікам, – кажа кіраўнік віцебскага грамадскага аб’яднання “Грамадства і самакіраванне” Хрыстафор Жаляпаў.

Па выніках 2019-га году ён стаў лаўрэатам прэміі імя Віктара Сырыцы, заснаванай Рухам “За Свабоду”, якой з 2016-га году ўганароўваюць актывістаў за арганізацыю выбітных рэгіянальных ініцыятываў. Спадар Жаляпаў атрымаў узнагароду за правядзенне ў Віцебску канферэнцыі “Беларуская дзяржаўнасць. Гісторыя і сучаснасць”, на якой гаварылася пра неабходнасць супрацьстаяць захадам так званага “рускага свету”. Актуальнасць гэтай праблемы выспявала паступова, лічыць актывіст:

– Небяспеку мы адчулі, калі ў выніку рэферэндуму, праведзенаму на распараджэнне Аляксандра Лукашэнкі, расейскай мове надалі статус дзяржаўнай. А калі ў 2014-м годзе паводле ўкраінскіх падзеяў мы зразумелі, што такое “гібрыдная вайна”, мы выразна адчулі, што такая самая небяспека існуе і ў Беларусі.

На думку Хрыстафора Жаляпава, не варта ўсур’ёз успрымаць меркаванні адыёзных асобаў, якія прапагандуюць свае прарасейскія погляды. Бо выказванне кіраўніка ГА “Рускі дом” Андрэя Герашчанкі пра неабходнасць замяніць слова “шкарпэткі” на слова “наскі” выклікае хутчэй смех, чымсьці заклапочанасць. Несур’ёзна выглядае і заява Эльвіры Мірсалімавай, яшчэ адной прадстаўніцы “рускага свету” ў Віцебску, пра верагоднасць удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах – бо прыхільнікаў у яе вельмі мала. Змагацца трэба з праявамі экстрэмізму ў дзяржаўным маштабе, мяркуе спадар Жаляпаў:

– Калі летась у віцебскім універсітэце ў Дзень роднай мовы вырашылі ўшанаваць расейскую мову, мы ўзнялі такую хвалю абурэння, што сёлета 21-га лютага ў сценах ВНУ правялі дзясяткі імпрэзаў па-беларуску. У іх удзельнічала і сама рэктарка Валянціна Багатырова. А кіраўнік абласнога ўпраўлення культуры Пётр Падгурскі прыйшоў пісаць агульнанацыянальную дыктоўку. Спадзяюся, чыноўнікі зразумелі, што не варта даваць зашмат волі “рускаму міру”.

Памкненне выглядаць „шчырымі расейцамі” часта выглядае абсурдным, кажа Хрыстафор Жаляпаў. Сваю асабістую пазіцыю ў нацыянальным пытанні ён тлумачыць наступным чынам:

– Смешна, калі ад імя расейскага народу выступае Эльвіра Мірсалімава. Я, напрыклад, ніколі не назаву сябе беларусам, бо я – балгарын. Але я жыву ў Беларусі, тут нарадзіліся мае дзеці, і я мушу не толькі шанаваць мову, культуру і гісторыю Беларусі, якая не менш вялікая, чымсьці гісторыя Балгарыі. І я буду бараніць Беларусь і яе суверэнітэт, бо гэта мой абавязак!

Цалкам гутарку з Хрыстафорам Жаляпавым слухайце тут:

Беларускае Радыё Рацыя