Лукашэнка адводзіць міліцыі „вялікае месца” ў змаганні з каронавірусам



Ахвотных падарваць беларускую дзяржаву знутры не змяншаецца, таму Аляксандр Лукашэнка адводзіць міліцыі „вельмі вялікае месца ў забеспячэнні стабільнасці ў грамадстве”, у тым ліку ў барацьбе з каронавірусам. Пра гэта ён заявіў 13 сакавіка, прымаючы з дакладам міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што „недахопаў багата ва ўсіх органах улады, у тым ліку і ў міліцыі”. „Але без міліцыі нікуды, таму участковы з людзьмі, ды і міністр сёння не адарваны ад грамадства. Без міліцыі мы не здолеем забяспечыць стабільнасць у нашай дзяржаве”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

„Справа нават не ў нейкіх палітычных кампаніях, у краіне іх праводзілі неаднаразова, таму правядуць спакойна і гэтым разам, — дадаў Лукашэнка. — Нам трэба глядзець далей — каб у нас было стабільнае грамадства. Трэба вуха трымаць напагатове: ахвотных падарваць нас знутры не змяншаецца. На жаль, большасць з тых, хто выказвае такія жаданні, гэта так званыя нашы грамадзяне. Іх нават цяжка грамадзянамі назваць, у іх усё дрэнна, ім бы ў чым-небудзь падкалупнуць уладу і раз`яднаць грамадства, зрабіць горш. Яны выкарыстоўваюць любы момант. Я чытаю іх рознага кшталту заявы не толькі ў інтэрнэце, але і ў так званых сродках масавай інфармацыі, таму міліцыі я асабіста адводжу вельмі вялікае месца ў забеспячэнні стабільнасці ў нашым грамадстве”.

Лукашэнка нагадаў, што дамаўляўся сустрэцца з Караевым, калі той асвоіцца на пасадзе міністра (Караеў узначаліў МУС у чэрвені 2019 года), увойдзе ў курс справы і зможа праінфармаваць аб сітуацыі ў праваахоўнай сферы. „Думаю, вы ўжо, аналізуючы вынікі мінулага года, можаце зрабіць адпаведныя высновы і сказаць, што нам яшчэ трэба зрабіць у органах унутраных спраў, каб міліцыя працавала больш эфектыўна”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён дадаў, што збіраўся прыняць Караева з дакладам раней, але „раздаваліся воклічы, што міністр унутраных спраў западозраны ў каронавірусе”. „Аказваецца, жывы і здаровы, — пажартаваў Лукашэнка. — Гэта не да таго, што тут некаторыя ўжо папісваюць: „прэзідэнт заявіў, што мы перамаглі каронавірус”. Ні ў якім разе. Я проста не прыхільнік паддавацца паніцы. І самае галоўнае — каб мы вельмі адказна ставіліся да гэтых рэчаў”.

Караеў у сваю чаргу растлумачыў, што яго сын прыляцеў з Кітая як раз у той дзень, калі ў краіне абвясцілі аб распаўсюджанні каранавіруса. „Ён вучыцца ў ваенным універсітэце, вывучае кітайскую мову па міжнароднай праграме, і, натуральна, я таксама насцярожыўся. Але нічога, ужо больш за месяц тут. Вярнуцца назад пакуль не можа”, — расказаў кіраўнік МУС.

„Кітайцы малайцы, яны самыя эфектыўныя, — заўважыў на гэта Лукашэнка. — Зыходзячы з іх вопыту, мы заўважылі, што засцерагацца трэба людзям са слабым імунітэтам і старым. Вось старым я б параіў паменш перасоўвацца, таму што любы вірус для чалавека з аслабленым імунітэтам небяспечны, тым больш незнаёмы”.

Лукашэнка падкрэсліў, што „не проста так закрануў тэму каронавіруса” ў гутарцы з міністрам унутраных спраў. „Бо змагацца з распаўсюджваннем гэтага захворвання дапаможа і міліцыя, без міліцыі мы ніяк. Але не трэба нікога хапаць, не трэба нікога напружваць. Проста трэба раіць людзям, асабліва старым, дзесьці дапамагчы, падказаць. Калі камусьці трэба, хлебца і малака ў краме набыць і аднесці. Лепш няхай яны пабудуць дома”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Ён згадаў пра першы выпадак выяўлення каронавіруса ў Беларусі, калі інфекцыя была выяўленая ў іранскага студэнта. З часам малады чалавек быў вылечаны. „Дзякуй богу, жывы і здаровы”, — сказаў Лукашэнка. „Гэтая зараза заўсёды ў нас вясной, хай не такая, а іншая. Не разваліўшы ахову здароўя з савецкіх часоў, нам удаецца супрацьстаяць гэтаму. Але ні ў якім разе расслабляцца нельга”, — падкрэсліў Лукашэнка і дадаў, што „паніка толькі пагаршае сітуацыю”.

На думку Лукашэнкі, беларускія медыкі „паспяхова супрацьстаяць распаўсюджванню інфекцыі, і ў першую чаргу за кошт таго, што своечасова прынялі неабходныя меры”. „Мы працуем пры найменшым падазрэнні. Калі чалавек недзе быў, мы назіраем і за ўсім атачэнні, з кім ён быў у кантакце апошнім часам. Гэта тое, што не рабілася ў Італіі. Італія не працавала на першым-другім узроўні. Толькі калі чалавек захварэў, калі цяжкія клінічныя праявы, тады яго пачыналі лячыць. Вядома, адсюль больш смерцяў”, — сказаў Лукашэнка.

„Мы нічога не ўтойваем, каб не было панікі, — дадаў ён. — Але людзей папярэджваем: будзьце асцярожнымі. Пры першай жа насцярожанасці ў адносінах да сябе застанься дома, не хадзі па вуліцы і не рызыкуй не толькі сабой, але і навакольнымі. Вось галоўны метад барацьбы з гэтай заразай”.

Згодна са звесткамі Міністэрства аховы здароўя, колькасць выяўленых у Беларусі носьбітаў каранавіруса COVID-2019 узрасла да 21. 12 сакавіка ўрад прыняў рашэнне абмежаваць да 6 красавіка правядзенне ў краіне ўсіх культурна-масавых, спартыўных і навуковых мерапрыемстваў з міжнародным удзелам.

belapan.by

Фота БелТА