Віталь Рымашэўскі: Святкаванне Дня Волі трэба перанесці на пазнейшы тэрмін



Перанесці масавае святкавання Дня Волі ў Менску на пазнейшы тэрмін у сувязі з небяспекай заражэння каронавіруснай інфекцыяй – з такой прапановай выступіў адзін з замаўляльшчыкаў святочных мерапрыемстваў, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя Віталь Рымашэўскі.

– Святкаванне 25 сакавіка ў вулічным, масавым фармаце трэба перанесці на больш позні час. Гэта мая прапанова і я буду абмяркоўваць яе з маімі калегамі. Я спадзяюся, што яна будзе пачутая і прынятая. Зараз трэба думаць пра бяспеку людзей больш чым пра палітычны піяр і нейкія палітычныя дывідэнды. Мы ўсё ж такі альтэрнатыва дзеючай ўладзе, і бяспека беларусаў у нас павінна стаць на першым месцы.

Рашэнне аб адмове ці пераносе Дня Волі, напрыклад, на травень, яго арганізатары абяцаюць абвесціць у панядзелак.

Раней у сувязі з небяспекай каронавіруса, масавае мерапрыемства па рашэнні дэмакратычных актывістаў было вырашана не праводзіць у Гародні. Па стане на сёння ў горадзе над Нёманам афіцыйна пацверджаны толькі адзін выпадак каронавіруснай інфекцыі. 

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя