Ігар Мельнікаў: Імкнуся наблізіць гэтую тэму да беларусаў



У сакавіку шануецца памяць тысяч рэпрэсаваных савецкай уладай грамадзян Польшчы, у тым ліку польскіх афіцэраў. Гісторык, аўтар кніг і даследаванняў пра савецка-польскае памежжа Ігар Мельнікаў не згодны з меркаваннем калегі Ігара Кузняцова пра тое, што адкрыццё архіваў КДБ у Беларусі не спрычыніцца да раскрыцця таямніц пра падзеі 30-40 гадоў ХХ стагоддзя.

Мельнікаў перакананы, што архівы КДБ утойваюць сотні важных дакументаў, якія змогуць праліць святло на падзеі таго часу і запоўніць прагалы ў інфармацыі, якая маецца ў даследчыкаў цяпер.

– Калі я працую над матэрыяламі, я бачу прозвішчы, і я іх выпісваю. А затым суадношу са звесткамі рэпрэсаваных. І атрымліваецца, што гэтыя людзі, як правіла, станавіліся аб’ектамі сталінскіх рэпрэсій. Вельмі часта 68-ы артыкул. А гэта як раз супраца з замежнай выведкай, і чалавека знішчалі, члавека расстрэльвалі. Савецкіх дакументаў пасля 39-га года ў нас амаль няма. Архівы спецыяльных служб Беларусі закрытыя. Там захоўваецца большасць матэрыялаў па рэпрэсіях. Хаця асноўны масіў знаходзіцца ў Маскве.

Але нават пры закрытых архівах даследчыкі сталінскіх рэпрэсій працягваюць працу, і факт закрытасці беларускіх спецслужбаў не замінае ім рэгулярна здабываць важныя звесткі.

– У сваёй кнізе “Верасень 39-га. Магілы „неаб’яўленай” вайны” я прыводжу прозвішчы людзей, якія хутчэй за ўсё знаходзіліся ў беларускім Катыньскім спісе. Матэрыялы я гэтыя знайшоў праз сваякоў. У асноўным гэтыя людзі жывуць у Польшчы. Яны прадастаўлялі мне матэрыялы. Да сённяшняга дня яны не ведаюць лёс гэтых людзей. Самае галоўнае ў кантэксце Катыньскага злачынства, я лічу, наблізіць гэтую тэму, зрабіць зразумелай для сучаснага беларускага грамадства.

Ігар Мельнікаў лічыць, што дзеля дасягнення мэты неабходна праводзіць больш выставаў, адукацыйных мерапрыемстваў, і тады ўсё больш беларусаў усвядомяць маштаб трагедыі, больш людзей пачне вывучаць уласныя карані і лёсы рэпрэсаваных продкаў.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск