Леанід Свецік: Распачаць сур’ёзныя каранцінныя захады!



Віцебскі праваабаронца лічыць, што гарадскія ўлады або не заўважаюць сапраўднай небяспекі  каронавірусу, або ігнаруюць яе, падвяргаючы рызыцы жыццё гараджан. Таму ён звярнуўся з электронным зваротам да мясцовых чыноўнікаў  праз сайт Віцебскага гарвыканкаму.

Леанід Свецік патрабуе поўнай адкрытасці інфармацыі аб санітарнай абстаноўцы ў Віцебску, каб чуткі, якія ходзяць па горадзе, не перараслі ў паніку: – Мне падаецца, што ўлады нашы пераацэньваюць свае магчымасці і недаацэньваюць сілу віруса. Вертыкаль улады, збудаваная ў Беларусі, падобна, не здольная супрацьстаяць гэтаму выкліку. Адно з маіх патрабаванняў да ўладаў – каб яны поўна, шырока, адкрыта інфармавалі пра сітуацыю, якая ўзнікла ў Віцебску. А ў Віцебску ўжо 5 чалавек хварэюць на каронавірус, паводле афіцыйных дадзеных.

Менавіта ў Віцебску былі зафіксаваныя першыя выпадкі хваробы – пасля візіту ў Мілан кіраўніцтва і работнікаў мясцовых прадпрыемстваў абутковай галіны. У некалькіх школах у асобных класах быў абвешчаны каранцін, для наведванняў зачынілі медычныя ўстановы, але гэтага не дастаткова, лічыць праваабаронца. Ён патрабуе не менш чым на тры тыдні ўвесці каранцін ва ўсіх навучальных установах, забараніць правядзенне масавых культурніцкіх і спартовых мерапрыемстваў, кантраляваць стан здароўя ва ўсіх, хто прыбывае ў горад, асабліва з замежных краінаў,  і ў тым ліку з памежных тэрыторый Расейскай Федэрацыі.  Калі гэтых захадаў будзе недастаткова, ён прапануе гарадскім уладам увесці на тэрыторыі  Віцебску рэжым надзвычайнага становішча. Праваабаронца перакананы, што людзі будуць удзячныя за клопат пра іх здароўе. І нагадвае, што гэта з’яўляецца абавязкам мясцовых уладаў паводле закону «Аб ахове здароўя», які  надзяляе мясцовыя ўлады паўнамоцтвамі прымаць неадкладныя меры ў падобных выпадках – не чакаючы, пакуль пра гэта прыйдзе распараджэнне  з Менску.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск