Мінздароўя не бачыць падстаў уводзіць у навучальных установах каранцін
Міністэрства аховы здароўя па-ранейшаму лічыць немэтазгодным уводзіць у навучальных установах Беларусі каранцін з-за распаўсюджвання ў свеце каранавіруса COVID-19, заявіла намесніца начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі ведамства Іна Карабан на прэс-канферэнцыі ў Менску 13 сакавіка.
Яна патлумачыла, што ў большасці дзеці і падлеткі не хварэюць на каранавірусную інфекцыю, а калі і хварэюць, то „пераносяць яе бессімптомна”. „Таму зараз мы такіх [каранцінных] мер прымаць не будзем”, — сказала Карабан.
Яна паведаміла, што на сёння толькі ў сталічнай гімназіі № 20 на аднадзённае (13 сакавіка) хатняе індывідуальнае навучанне пераведзены адзін клас, у якім вучыцца дачка пацыента з каранавірусам.
У Міністэрстве аховы здароўя расказалі, што бацька дзяўчынкі прыляцеў рэйсам з Германіі і ў момант праходжання мяжы ўтаіў факт свайго знаходжання ў Паўночнай Італіі. Пазней з сімптомамі рэспіраторнага захворвання ён звярнуўся ў медцэнтр „ЛАДЭ”. Лекарам ён таксама не паведаміў, што быў у эпідэмічна непаспяховай краіне. 9 сакавіка яго шпіталізавалі, 10 сакавіка выявілі каранавірус COVID-19. Цяпер мужчына знаходзіцца ў шпіталі з пнеўманіяй сярэдняй ступені цяжару. Карабан адзначыла, што несвядомасць пацыента прывяла да ізаляцыі 91 чалавека.
„Сама дзяўчынка па тэсце адмоўная. Аддзел адукацыі прыняў рашэнне перавесці клас на індывідуальнае навучанне, каб кантраляваць сітуацыю, паназіраць за дзецьмі”, — падкрэсліла Карабан.
Каментуючы сітуацыю ў Белдзяржуніверсітэце, дзе былі шпіталізаваныя студэнты з факультэта міжнародных адносін (ФМА), Карабан адказала: „Вопыт БНТУ паказаў, што ні аднаго выпадку каранавіруснай інфекцыі ў асоб, якія не кантактавалі з заражаным пацыентам, не выяўлена. Што тычыцца ФМА, сёння пад медыцынскім наглядам у ізаляцыі знаходзіцца група, у якой вучыцца сын хворага (мінчаніна з пнеўманіяй. — БелаПАН.), і дзяўчынка, якая кантактавала з ім. У яе выяўлены вірус”.
За ўсімі астатнімі студэнтамі арганізаванае медыцынскае назіранне. „Калі сярод іх будуць устаноўленыя факты кантактавання з дадзенай групай студэнтаў, яны будуць аднесеныя да кантактаў першага або другога ўзроўню. Мерапрыемствы па выяўленні кантактаў працягваюцца”, — канстатавала Карабан.
Начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі і экспертызы Міністэрства аховы здароўя Алена Богдан са свайго боку дадала, што Беларусь на сённяшні момант спраўляецца ўжо прынятымі мерамі першага і другога ўзроўню рэагавання пры надзвычайных сітуацыях. „Мы пакуль не бачым лавінападобнага росту захворвання і выяўляем вірус у кантактаў першага ўзроўню нашых захварэлых асоб. У выпадку выяўлення віруса на другі, трэці, чацвёрты дзень ізаляцыі чалавека, ён не ўяўляе ніякай небяспекі для грамадства”, — заявіла яна.
На пытанне пра абмежаванні правядзення масавых мерапрыемстваў з удзелам замежнікаў у краіне яна сказала: „Міністэрства аховы здароўя толькі рэкамендуе ўстрымацца ад іх правядзення, перанесці іх на больш познія тэрміны, калі сітуацыя па каранавіруснай інфекцыі нармалізуецца. Арганізатары самі вырашаюць гэтае пытанне”.
Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, у бальніцах зараз знаходзяцца 24 пацыенты з COVID-19. Адзін з іх — у стане сярэдняй ступені цяжару. На медыцынскім кантролі знаходзяцца 225 чалавек, якія мелі кантакты з хворымі на COVID-19.