Польшча закрывае свае межы для замежнікаў



Польшча ўводзіць стан эпідэміялагічнай пагрозы. Поўны кантроль на ўсіх межах Польшчы. Апрача ўсходняй мяжы ўводзяцца таксама спецыяльныя захады на ўнутранай мяжы з краінамі Еўразвязу.

Польшча прыпыняе на 10 дзён уезд замежных грамадзян на тэрыторыю краіны. Забарона ўступае ў сілу ў бліжэйшы час з нядзелі, 15 сакавіка 2020 года.

– Мне вельмі прыкра паведаміць вам, што мы ўводзім новае правіла: калі вы не грамадзянін нашай краіны, гэта не час для паездак, для наведвання сяброў, – сказаў кіраўнік МУС і адміністрацыі Марыюш Каміньскі.

Прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі адзначыў, што харчоў у Польшчы хапае. Усе прадуктовыя магазіны і банкі будуць працаваць у звычайным рэжыме.

Польскія грамадзяне, якія знаходзяцца за мяжой, па прыездзе ў Польшчу павінны будуць прайсці каранцін працягласцю 14 дзён.

Рух тавараў праз мяжу захаваецца.

У Польшчы таксама прыпыняецца дзейнасць пабаў, кавярняў, клубаў і бараў.

З нядзелі будуць прыпыненыя авіязносіны акрамя тых, якія неабходныя для вяртання грамадзянаў з-за мяжы. Уводзяцца жорсткія працэдуры на мяжы, каб прадухіліць патрапленне ў краіну асоб інфікаваных каронавірусам.

Беларускае Радыё Рацыя