Дальнабойнікаў з Гародні затрымалі на мяжы з Вугоршчынай



«Паліцыя Вугоршчыны выставіла блок-пасты і не пускае», – паведаміў AUTO.TUT.BY дальнабойнік з Гародні Ігар, які разам з калегам затрымаўся на славенска-вугорскай мяжы. Мужчыны вярталіся дадому з рэйса ў Італію, праз Вугоршчыну яны павінны былі прайсці транзітам, але з-за каронавіруса іх камандзіроўка пагражае зацягнуцца.

Фота чытача Ігара

Ігар працуе на гарадзенскага перавозчыка – возіць на аўтацыстэрнах звадкаваны газ. На мінулым тыдні ён і яго калега разгрузілі дзве машыны ў Італіі і ўжо вярталіся дадому. Праехалі праз Славенію, а на мяжы з Вугоршчынай іх спынілі і далей ужо не прапусцілі. Не пускаюць фуры з Беларусі, Расеі, Украіны і Румыніі. Аўтамабілямі застаўлена усё навокал: яны на ўзбочынах, з’ездах дарог, там, дзе стаяць забаронена. Беларускія кіроўцы патэлефанавалі ў амбасаду Беларусі ў Вугоршчыне – папрасілі дапамогі. Але там сказалі, што нічога зрабіць не могуць, мяжу закрылі рашэннем на ўрадавым роўні.