Анджэй Дуда заклікаў банкі прыпыніць пагашэнне крэдытаў грамадзянамі і фірмамі



Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда звярнуўся да банкаў з прапановай прыпыніць працэс пагашэння крэдытаў грамадзянамі і фірмамі на тэрмін не менш за некалькі месяцаў.

Гэта павінна дапамагчы людзям і кампаніям, якія апынуліся ў складанай сітуацыі з-за каронавіруса, паведамляе „Польскае радыё”.

Пасля сустрэчы з прадстаўнікамі фінансавых устаноў прэзідэнт заявіў, што кожны павінен мець магчымасць падаць заяўку на прыпыненне выплат. Анджэй Дуда адзначыў,  што „трэба стварыць такія ўмовы, каб любая асоба ў цяжкай сітуацыі магла б звярнуцца да свайго банку або крэдытора, каб не пагашаць крэдыт на працягу некалькіх месяцаў». Анджэй Дуда падкрэсліў, што форма запыту аб прыпыненні плацяжоў павінна быць максімальна простай і лёгкай, у тым ліку праз Інтэрнэт. Прыпыненне плацяжоў на тэрмін ад некалькіх месяцаў да паўгода таксама павінна ахопліваць іпатэчныя крэдыты. Прэзідэнт сказаў, што прадстаўнікі банкаўскага сектара прадэманстравалі сваю гатовасць прыняць такія рашэнні. Іх формула павінна быць распрацавана да панядзелка.

Фота: РАР/PAP/Piotr Nowak