Беларускія тэлеграм-каналы выступілі з супольнай заявай па каронавірусе



Беларускія телеграм-каналы заклікалі ўлады Беларусі ўвесці каранцін ва ўсіх навучальных установах краіны і выступіць з адмысловым зваротам да нацыі. Адпаведную сумесную заяву пра сітуацыю з распаўсюджваннем каранавіруса COVID-19 у Беларусі 15 сакавіка апублікавалі 68 беларускіх телеграм-каналаў, сукупная аўдыторыя падпісчыкаў якіх складае некалькі соцень тысяч чалавек.

„Мы, адміністратары беларускіх телеграм-каналаў, заяўляем кіраўніцтву нашай краіны пра неабходнасць як мага хутчэй увесці каранцін ва ўсіх навучальных установах Беларусі; увесці і максімальна старанна ажыццяўляць медыцынскі кантроль на ўсіх межах Беларусі з суседнімі дзяржавамі і ў аэрапортах”, — гаворыцца ў заяве.

Таксама телеграм-супольнасць лічыць неабходным „на самым высокім узроўні падрыхтаваць радыё- і тэлевізійны зварот да нацыі з растлумачэннем усёй сур’ёзнасці сітуацыі з развіццём каранавіруса і, наадварот, спыніць заспакаяльныя заявы, пасля якіх людзі аслабляюць кантроль за ўласнай бяспекай”.

Акрамя таго адміністратары телеграм-каналаў заклікалі ўлады „своечасова і празрыста паведамляць грамадскасці і журналістам дэталі аб сітуацыі з распаўсюджваннем віруса ў Беларусі і новых выпадках заражэння: колькасць, населены пункт, месца працы/вучобы — не парушаючы пры гэтым медычную таямніцу”.

У сваю чаргу Міністэрства аховы здароўя сёння, 15 сакавіка, у сваім телеграм-канале заявіла, што „апошнім часам у сацыяльных сетках і благасферы ўзнікаюць панічныя настроі і крытыка дзеянняў цi, як многія лічаць, бяздзеянняў Міністэрства аховы здароўя па шэрагу пытанняў”.

Ведамства выказвае сумневы ў эфектыўнасці закрыцця межаў і ўвядзення каранціну ў навучальных установах.

„Якім чынам закрыццё мяжы Беларусі здольнае гарантавана прадухіліць завоз каранавіруснай інфекцыі ў краіну? — пытаецца Міністэрства аховы здароўя, звяртаючыся да сваіх апанентаў. — Калі ні адна дзяржава свету, якая ўжыла гэтую меру, не забараніла ўезд сваім грамадзянам, таму што гэта немагчыма тэхнічна і няправільна маральна-этычна”. „Усе, напэўна, забыліся, што ў сапраўдны момант з 8 завозных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі ў нашай краіне 7 было выяўлена менавіта ў беларускіх грамадзян, якія вярнуліся на радзіму з-за мяжы. Ці мы гатовыя адмовіцца ад нашай моладзі, якая вучыцца за мяжой, і іншых суайчыннікаў і не ўпусціць іх дадому?” — задаецца пытаннем ведамства”.

„Які эфект чакаецца ад закрыцця дзіцячых садкоў і пачатковай школы? — працягвае ведамства, — Калі ўжо добра вядома, што дзеці хварэюць значна радзей. А смяротных вынікаў не было выяўлена наогул ніводнага. Але дзеці часта хварэюць на іншыя вірусныя інфекцыі, уздым захворвання на якія мы назіраем цяпер. Таксама вядома, што пасля закрыцця дашкольных і школьных устаноў малалетнія дзеці, бацькі якіх, як правіла, працуюць, наўрад ці будуць адны дома. Хутчэй за ўсё, яны будуць знаходзіцца пад наглядам бабуль і дзядуляў, з якімі шчодра падзеляцца сваімі вірусамі і мікробамі”.

„Хто верыць, што пасля спынення вочнага навучання ва ўніверсітэтах, сярэдне-спецыяльных установах, старэйшай школе навучэнцы і студэнты будуць знаходзіцца дома або ў інтэрнаце і будуць пастаянна займацца адукацыйным працэсам? — гаворыцца ў каментары Міністэрства аховы здароўя. — Калі нехта ў гэта верыць — вывучыце вопыт двух тыдняў дыстанцыйнага навучання студэнтаў БНТУ. І, як паказвае гэты вопыт, частка з іх раз’едзецца па краіне, а асноўная маса будзе актыўна наведваць месцы агульнага карыстання, ладзіць тусоўкі, „тэматычныя вечарыны” ў інтэрнатах і цесна кантактаваць паміж сабой”.

„Чаму незалежныя журналісты і эксперты, актыўна прапагандуючы адмену масавых мерапрыемстваў колькасцю большай за 100 чалавек, збіраюцца на прыём, арганізаваны адным з пасольстваў еўрапейскай краіны ў колькасці большай за 300 чалавек? — задаецца пытаннем Міністэрства аховы здароўя. — Пасля чаго актыўна патрабуюць аналізаў і абследаванняў на каранавірус без чаргі, паколькі ў часткі з іх на наступны дзень павысілася тэмпература і з’явіліся прыкметы інфекцыі”.

Міністэрства таксама паведамляе, што сёння ў Беларусі „праходзіць лячэнне некалькі соцень пацыентаў з запаленнем лёгкіх і толькі ў аднаго з іх прычынай стаў каранавірус і позні зварот”. „У 64 захворванне працякае ў цяжкай форме, і ні ў аднаго з іх няма COVID-19. У сувязі з пнеўманіяй 34 пацыентам праводзіцца штучная вентыляцыя лёгкіх, і ва ўсіх у іх адсутнічае каранавірусная інфекцыя. Як, дарэчы, і ў таго пацыента, пра смерць якога ўчора паспяшаліся паведаміць СМІ. Пацыент, між іншым, не толькі жывы, але і мае станоўчую дынаміку ад лячэння і не заражаны каранавірусам”, — гаворыцца ў паведамленні Міністэрства аховы здароўя.

belapan.by