На праймерыз у Пінску перамог Юрась Губарэвіч



Звыш 100 пінчукоў узяло ўдзел у выбарах адзінага лідара ад апазіцыі сярод пяці прэтэндэнтаў. Вынікі галасавання ў Пінску наступныя: кіраўнік руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч – 48 галасоў, сустаршыня аргкамітэта БХД Павел Севярынец – 45 галасоў, в.а. старшыні АГП Мікалай Казлоў — 4 галасы, намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч — 3 галасы, прадстаўніца БХД Вольга Кавалькова не атрымала галасоў. Дарэчы, Кавалькова не змагла завітаць у Пінск.

Удзельнік галасавання, актывіст Ігар Салавей кажа, што праймерыз перш за ўсё паказвае арганізаванасць апазіцыйных структур:

– Казаць пра гэты праймерыз, што гэта нейкім чынам адлюстроўвае вынікі будучых выбараў, нельга. На гэтую сустрэчу прыйшлі з большага мясцовыя актывісты, прыхільнікі партый. Канешне, яны прагаласавалі за сваіх кандыдатаў. Звычайных пінчукоў на гэтую сустрэчу таксама прыйшло нямала. Гэта людзі, якія незадаволены тым, што ва ўладзе той самы чалавек кіруе 25 год.  

Таксама сёння, 15 сакавіка, адбудзецца яшчэ сустрэча ў Століне. Тур па Берасцейшчыне завершыцца на наступным тыдні ў Баранавічах. У агульным заліку пакуль першынства мае Павел Севярынец.

Беларускае Радыё Рацыя