Каля 250 праціўнікаў акумулятарнага завода сабраліся ў цэнтры Берасця



 15 сакавіка прыблізна апоўдні на плошчы Леніна ў Берасці чарговы раз сабраліся праціўнікі акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут штонядзелю з 25 лютага 2018 года.

Паводле дадзеных праваабаронцы Рамана Кісляка, у 12.40 на плошчы было каля 250 чалавек. Міліцыя праз мегафон папярэджвала іх аб адказнасці за правядзенне несанкцыянаванай акцыі.

Праціўнікі завода абмяркоўвалі на плошчы складанне пратаколаў на падставе арт. 9.2. КоАП (паклёп) на трох актывістаў. 13 сакавіка пратаколы складзеныя на Людмілу Карчэўскую і Аляксандра Марачэўскага. 14 сакавіка складзеныя два пратаколы на Уладзіміра Мароза. На іх напісалі заявы супрацоўнікі Ленінскага РАУС (адзін — на Карчэўскую і Марачэўскага, два — на Мароза). Супрацоўнікі райаддзела міліцыі палічылі паклёпам выказванні актывістаў у інтэрв’ю брэсцкаму блогеру Сяргею Пятрухіну, што міліцыянеры лжэсведчылі пры разглядзе ў судзе матэрыялаў іх адміністрацыйных спраў. Актывісты лічаць, што суды іх аштрафавалі на падставе паказанняў гэтых міліцыянераў.

У пачатку сакавіка Пятрухін у сваім YouTube-праекце „Народны рэпарцёр” размясціў відэаролік „Віншуем з Днём міліцыі. Хлопцам з Ленінскага РАУС прысвячаецца” з гэтымі выказваннямі Карчэўскай, Марачэўскага і Мароза.

24 сакавіка будуць судзіць Марачэўскага, 26 сакавіка — Карчэўскую, 31 сакавіка — Мароза.

Як заявіў сёння падчас сустрэчы на плошчы актывіст Дзмітрый Бекалюк, „метады ва ўлады не памяняліся, і яна зноў запусціла механізм рэпрэсій”.

Многія праціўнікі запуску завода ўпэўненыя, што актывісты не паклёпнічалі на супрацоўнікаў міліцыі. Удзельнікі аналагічных працэсаў з ліку актывістаў сёння падчас сустрэчы на плошчы адзначалі, што да іх сведчанняў у судах ніхто не прыслухоўваецца, затое паказанні міліцыянераў без доказнай базы суды заўсёды ўлічваюць і заўсёды выносяць абвінаваўчыя прысуды актывістам.

Людміла Карчэўская лічыць, што на судовы пераслед актывістаў „дадзены загад зверху”, каб запалохаць праціўнікаў завода. „Супрацоўнік міліцыі, пра якога я казала, даваў ілжывыя сведчанні на адным судзе, на другім судзе, а цяпер атрымалася, што гэта я яго, а не ён мяне абгаварыў”, — заявіла яна.

Актывіст Андрэй Сліж паведаміў, што праціўнікі завода прыйдуць у суд, каб падтрымаць абвінавачаных у паклёпе.

Пасля сустрэчы на плошчы, якая працягвалася прыкладна да 12.40, праціўнікі будаўніцтва завода прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасця, Пушкінскай і Савецкай, да кінатэатра „Беларусь”.

Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” пабудаваны на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у СЭЗ „Брэст”. На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта.

belapan.by