Самаізаляцыя, каранцін, літаратура…



Новая рэальнасць спараджае новы сэнс і новыя словы. Нельга ігнараваць тое, што адбываецца навокал. Пандэмія каронавіруса зрабіла папулярным слова «самаізаляцыя».

Трывожна назіраць за тым, што адбываецца ў свеце, няпроста назіраць за паводзінамі суседніх дзяржаваў, якія паступова ўводзяць каранцін і зачыняюць межы. Не варта паддавацца стрэсу напоўніцу, але варта разумець, што ваша здароўе знаходзіцца ў вашых руках, спадарства! Гігіена, здаровае харчаванне, паўнацэнны сон – тое, што заўжды важна, калі рызыкуеш захварэць.

Ёсць яшчэ адно слова, якое пакуль ігнаруецца нашымі дзяржаўнымі чыноўнікамі, але кожны з нас можа зрабіць/не зрабіць яго сваёй штодзённай рэальнасцю. У прыватнасці, паразважаць на тэму можна. Самаізаляцыя. Каранцін на даму. Абмежаванне выхадаў у свет і праца дома. Гэта магчыма ў тым выпадку, калі ваша начальства падзяляе дэмакратычныя каштоўнасці, калі вы фрылансер, працуеце на сябе або з’яўляецеся пенсіянерам.

Айчынныя эксперты лічаць, што беларусы да крызісаў прызвычаіліся, таму і не спяшаюцца спусташаць крамы, як гэта адбываецца ў іншых месцах планеты. І насамрэч – навошта бегчы ў крамы ды разносіць рознага тыпу вірусы і прастуды? Ды і грошай няма ў суайчыннікаў на такую раскошу: вось-вось святы прамінулі, а шматлікія жывуць ад заробку да заробку, ад пенсіі да пенсіі. Масавыя закупы засталіся ў мінулым. Добра… Што застаецца нам цяпер? Здаровае харчаванне ў межах разумнага (наяўных грошай у кішэні ці на банкаўскай карце), сон, гігіена і… Кнігі. У тым выпадку, калі вы адважыліся на хатні карантын.

Адмыслоўцы ў літаратуры зрабілі чарговае навуковае даследаванне. Менавіта класічная літаратура, а не кнігі па псіхалогіі могуць падвысіць эфектыўнасць працы мозгу і якасць жыцця. Прафесар Філіп Дэвід з універсітэта ў Ліверпулі сцвярджае, што чытанне класікі вызваляе вашы эмоцыі і дазваляе адчуць сябе жывым. Патэнцыйна ўсё гэта разам з няпростымі пакручастымі сюжэтамі дазваляе шматлікім хворым людзям адчуваць сябе лепш, пераключацца. Дэпрэсія, дэменцыя ды іншыя хранічныя захворванні ў спісе. Да таго ж цікавая кніга абараняе ад стрэсу. Чытайце Караткевіча – і будзе вам шчасце! Быкава пакуль не чапайце. Глядзіш, так і пратрымаемся да лета.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ