Штаб праймерыз абвясціў пра прыпыненне паездак у рэгіёны з-за каронавіруса
Не прыпыняецца, а пераносіцца. Рэгіянальныя паездкі праймерыз далей не адбудуцца. Рада кампаніі „Народнага галасавання” (праймерыз) прыняла рашэнне аб прыпыненні з 18 сакавіка па 2 красавіка рэгіянальных паездак кандыдатаў у сувязі з пагрозай распаўсюду каронавірусу. Але запланаваная сустрэча ў Баранавічах адбудзецца заўтра, 17 сакавіка ў 18:00 па адрасе: вул. Камсамольская, 23. Пра гэта ў нашым эфіры паведаміў в.а. кіраўніка штаба Аляксей Сігаеў:
– І больш у сакавіку не праводзіць ажно да 2 красавіка. Будзем таксама сачыць за сітуацыяй, можа прыйдзецца нам і крыху падоўжыць тэрмін спынення народнага галасавання па рэгіёнах. Мы не адмяняем сустрэчы, мы іх пераносім, то бок, на сёння мы кажам, што гэтыя сустрэчы, якія мусяць адбыцца на працягу двух наступных тыдняў, а іх запланавана 7 сустрэч, мы іх пераносім на больш позні тэрмін.
Арганізатары таксама нагадваюць, што з наступнага тыдня пачнецца інтэрнэт-галасаванне. А значыць праймерыз пераходзіць з офф-лайн ў ан-лайн.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Штаб праймерыз па выбары адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі абвясціў аб спыненні паездак у рэгіёны з 18 сакавіка па 2 красавіка ў сувязі з пагрозай распаўсюджвання каронавіруса.
У паведамленні штаба падкрэсліваецца, што запланаваная на 17 сакавіка сустрэча кандыдатаў з грамадзянамі ў Баранавічах адбудзецца.
Як адзначыў у каментары БелаПАН в.а. каардынатара штаба Аляксей Сігаеў, спыненне паездак па рэгіёнах і выхад з пагаднення сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца не азначае спыненне працэдуры праймерыз.
„Штаб працягвае сваю працу, пагадненне аб супрацоўніцтве паміж арганізацыямі працуе, у тым ліку і для БХД. Ад Паўла Севярынца паступіла заява, што ён лічыць немэтазгодным свой удзел у праймерыз. Але гэта значыць, што выйшаў толькі адзін кандыдат з пяці”, — сказаў Сігаеў.
Севярынец абвясціў пра спыненне ўдзелу ў праймерыз, спаслаўшыся на нежаданне іншых членаў пагаднення адмяніць паездкі па рэгіёнах, рэагаваць на ўдзел чыноўнікаў у галасаванні і аб’яўляць пра спыненне праймерыз і байкот выбараў.
Як патлумачылі БелаПАН удзельнікі пасяджэння штаба, іншыя прэтэндэнты таксама падтрымлівалі спыненне паездак, за выключэннем Баранавічаў, паколькі іх чакалі мясцовыя актывісты. Што да ўдзелу чыноўнікаў у галасаванні, гэта, паводле слоў суразмоўцаў, не супярэчыла працэдуры праймерыз.
belapan.by