Канапацкая выйшла да Дому ўраду, каб у Беларусі ўвялі каранцін
Экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая правяла адзіночны пікет ля Дома ўраду ў Менску з заклікам увесці каранцін у сувязі з пагрозай распаўсюджвання каранавіруса COVID-19, паведамляе карэспандэнт БелаПАН з месца падзеі.
Экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая правяла адзіночны пікет ля Дома ўраду ў Менску з заклікам увесці каранцін у сувязі з пагрозай распаўсюджвання каранавіруса COVID-19, паведамляе карэспандэнт БелаПАН з месца падзеі.
Канапацкая выйшла на плошчу Незалежнасці і разгарнула плакат „Каранцін! COVID-19”. Гэта здымалі супрацоўнікі праваахоўных органаў, акцыя доўжылася каля 15 хвілін.
„Улада павінна была прымаць больш рашучыя меры, каб спыніць распаўсюд віруса, — заявіла журналістам Канапацкая. — Калі на гэта пайшлі ўсе развітыя краіны свету, ахова здароўя якіх нашмат больш якасная, чым у Беларусі, то, напэўна, і Беларусі не варта было заставацца ў баку. Каранцін прадугледжвае не толькі сацыяльную ізаляцыю і адказнасць кожнага з нас, але і закрыццё межаў. Паглядзіце, Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе вольна адбываюцца авіязносіны з краінамі, дзе аб’яўлены каранцін. Да нас прылятаюць з Кітая і Карэі, і толькі абставіны іншых краін прымушаюць нашы самалёты не лётаць”.
Экс-дэпутат паведаміла, што вяла камунікацыю з чыноўнікамі, у прыватнасці з Міністэрствам аховы здароўя.
„Я разумею, што ўрад у асобе прэм’ера, віцэ-прэм’ера, у тым ліку адказнага за ахову здароўя, павінен узяць на сябе адказнасць і данесці да высокапастаўленых чыноўнікаў, што пара прымаць меры. Я гатовая з ім падзяліць гэтую адказнасць, і сёння ў маёй асобе яны павінны бачыць саюзніка. Калі мы аб’яднаемся, то здольныя пераадолець эканамічныя праблемы, якія могуць паўстаць. Паверце, як бы ні пацярпела эканоміка, гэта несувымерная цана з чалавечым жыццём”, — падкрэсліла Канапацкая.
belapan.by