Лукашэнка: Губляем рынкі — гэта пытанне нашага выжывання



 „Мы не толькі не асвойваем новыя рынкі, але і губляем традыцыйныя”, — заявіў 17 сакавіка Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за 2019 год і ацэнцы вынікаў пяцігодкі.

„Я не буду гаварыць пра тое, што экспарт у 2019 годзе правалілі, прыток імпарту павялічваецца, а валавы ўнутраны прадукт вырас толькі за кошт унутранага попыту. Экспарт — прыярытэт пяцігодкі, а мы не толькі не асвойваем новыя рынкі, але і губляем традыцыйныя. Я патрабую, каб прэм`ер-міністр асобна далажыў, у чым прычыны і што робіцца, каб выправіць такое становішча. Сёння гэта пытанне нашага выжывання. Адсюль ўсё: і цэны на нафту, і цэны ўнутры краіны, і курс беларускага рубля”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Асаблівай увагі, адзначыў кіраўнік дзяржавы, патрабуе фінансавы стан арганізацый рэальнага сектара. Але магчымыя рашэнні не павінны закранаць бюджэт, папярэдзіў ён. Паводле слоў Лукашэнкі, „эфектыўнасць працы, перш за ўсё дзяржсектара, вышэйшай не стала”. „Гэта істотная частка эканомікі, і неабходны рашучыя меры, каб яны былі яе лакаматывам, а не цяжкім грузам. Пераважная большасць раёнаў павінны мець больш высокія тэмпы развіцця, каб у нашым грамадстве не ўзнікала раздзяляльных ліній па ўзроўні даходаў і якасці жыцця насельніцтва”, — падкрэсліў афіцыйны лідар.

Лукашэнка не пагадзіўся з прапановамі ўрада па асноўных кірунках праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2025 года. „Скажу шчыра: мер для паскоранага развіцця і дасягнення валавога ўнутранага прадукту, як мы вызначаліся, у прыкладна 100 млрд даляраў я там не ўбачыў. Можа, нехта ўбачыў — скажыце. Усё, што прапанавана, трэба было зрабіць яшчэ пяць гадоў таму. Але па гэтым пытанні мы правядзем асобную нараду. Гэта не тэма сённяшняга глыбокага аналізу”, — дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы папрасіў удзельнікаў нарады „не тэарэтызаваць, а агучваць канкрэтныя недахопы і дасягненні мінулага года, самакрытычна і сумленна прызнавацца ў недапрацоўках”. „Не павінна быць „накату” на ўрад, а ўрад не павінен адпіхвацца ад тых заўваг і крытыкі, якія сёння прагучаць”, — папярэдзіў ён.

Як далажыў на нарадзе прэм`ер-міністр Сяргей Румас, у 2019 годзе ўраду „ўдалося захаваць найважнейшыя макраэканамічныя прапорцыі і забяспечыць збалансаванае развіццё”. Ён згадаў, што пры прызначэнні новага складу ўрада кіраўніком дзяржавы ў якасці асноўнай ставілася задача забяспечыць рост даходаў грамадзян. „Вынікам стаў устойлівы рост дабрабыту насельніцтва. Заработная плата па краіне пачынаючы з сакавіка мінулага года ўстойліва знаходзіцца над адзнакай у тысячу рублёў. Яе памер на канец года склаў 1.240 рублёў, — сказаў Румас. — У бюджэтным сектары, як і абяцалі, выйшлі на суадносіны 80% пры сярэднім заробку ў 993. Выконваецца задача па павелічэнні заробкаў педагагічным работнікам і ўрачам. Пенсіі павялічыліся на 20%, а з улікам інфляцыі — на 13,4%. Гэта самы высокі тэмп за апошнія пяць гадоў”.

На думку прэм`ер-міністра, за год „значна ўдасканаленыя якасныя паказчыкі развіцця”. „Інфляцыя — на мінімальным узроўні. Атрымана аптымальнае знешнегандлёвае сальда з чарговым рэкордам па экспарце паслуг, забяспечана ўстойлівасць на валютным, крэдытна-дэпазітным і фінансавым рынках. Своечасова выкананы валютныя абавязацельствы дзяржавы, пры гэтым золатавалютныя рэзервы дасягнулі рэкорднага ўзроўню — 9,4 млрд”, — канстатаваў ён.

Румас лічыць, што бюджэт па выніках 2019 года „выкананы лепш, чым планавалі”. „Гэта дазволіла не толькі забяспечыць вырашэнне цэлага спектра ключавых задач сацыяльнага блока, але і накіраваць пэўны аб`ём сродкаў у рэзерв на фарміраванне так званай „падушкі бяспекі”. Палепшана большасць паказчыкаў бяспекі ў эканамічнай і грашова-крэдытнай сферах. Упершыню за многія гады сітуацыя тут ацэньваецца як стабільная”, — падкрэсліў прэм`ер-міністр. Разам з тым ён пазначыў шэраг існуючых праблем, у ліку якіх адсутнасць запланаванага эканамічнага росту, яго тэмпы ніжэйшыя за сярэднесусветныя.

belapan.by