Рыгор Кастусёў: Найперш трэба думаць пра здароўе людзей
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў распавёў, чаму народнае галасаванне ў рэгіёнах трэба было адмяніць яшчэ раней, а таксама пра адмову Янукевіча удзельнічаць у праймерыз.
16 сакавіка адмовіўся ўдзельнічаць у праймерыз Павел Севярынец, а сёння зняў сваю кандыдатуру і намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Партыя з гэтай нагоды зрабіла адмысловую заяву.
Рыгор Кастусёў: Удзельнікі праймерыз прыпыняюць паездкі, але сёння (17 сакавіка) сустрэча ў Баранавічах яшчэ адбудзецца. Паездку не адмянілі, хаця я галасаваў за тое, каб гэтыя паездкі спынілі яшчэ з 16 сакавіка. Гэта не толькі мая пазіцыя, але і пазіцыя партыі. На жаль, большасць удзельнікаў Рады народнага галасавання прагаласавалі за сустрэчу ў Баранавічах.
Я і раней казаў, што для мяне здароўе людзей на першым месцы. Палітычныя амбіцыі – гэта добра, але трэба думаць і пра тых, за каго адказваеш. Думаць пра тое, якой рызыцы мы падвяргаем іх. Я спрабаваў пераканаць калег, што людзей трэба берагчы, але да мяне не прыслухаліся.
РР: Учора зняўся з праймерыз Павел Севярынец, сёння – Аляксей Янукевіч. Хутка нікога не застанецца…
Рыгор Кастусёў: Мы патлумачылі ў сваёй заяве, чаму так адбылося з Аляксеем Янукевічам. Пасля ўчарашніх падзей паўночы абмяркоўвалі сітуацыю, якая склалася, і, у рэшце рэшт, прынялі такое рашэнне.
Сёння мы назіраем дваістаць рашэнняў асобных арганізацый у некаторых пытаннях. Калі падчас народнага галасавання перамогу дэмакратычным кандыдатам забяспечваюць галасы чыноўнікаў райвыканкамаў, то для мяне гэта незразумела. Пра якое адзінства тады можна казаць? Калі ўдзельнікі праймерыз здолеюць вырашыць канфлікт, то можа вярнуцца ў кампанію і Аляксей Янукевіч.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя