Якія будуць наступствы ад закрыцця мяжы з Расеяй?
“Сітуацыю з каронавірусам Крэмль выкарыстае для таго, каб дадаткова запусціць інструменты эканамічнага ўздзеяння на Беларусь”, – лічыць палітык Анатоль Лябедзька.
Як вядома, з учарашняга дня з-за каронавіруса Расея закрыла мяжу з Беларуссю, на што беларускія ўлады адрэагавалі дастаткова нервова.
Анатоль Лябедзька: Пачнем з таго, што нельга закрыць тое, чаго юрыдычна не існуе. Няма ніводнага дакумента, які б фіксаваў беларуска-расейскую мяжу. Ёсць толькі дакументы, якія гавораць пра мяжу Саюзнай дзяржавы, але гэта абсалютна іншая рэч.
Але сённяшнія падзеі сведчаць пра тое, што беларускі бок, на мой погляд, павінен неадкладна рыхтаваць праекты міжнародных дамоваў пра дэмілітацыю і дэмаркацыю беларуска-расейскай мяжы. Гэта нармальная практыка, і інакш не можа быць. Гэта наш нацыянальны інтарэс і адначасова казус сённяшняга часу.
РР: Афіцыйны Менск раскрытыкаваў закрыццё мяжы расейцамі…
Анатоль Лябедзька: Калі Лукашэнка ведае пра вялізныя масштабы каронавіруса ў Расеі (а ён пра гэта заявіў), то павінен не шкадаваць пра закрыццё мяжы, а радавацца гэтаму. І тэрмінова павінен даць загад ураду, каб той прымаў дадатковыя неадкладныя меры па абароне сваіх грамадзян.
Але гэта ў нас жыхары Драздоў найперш абаронены ад каронавіруса, яны праходзяць тэст, напэўна, кожны дзень. А вось у мільёнаў беларусаў, якія жывуць за кальцавой дарогай, некалькі іншае жыццё.
РР: Палітычнага падтэксту ў закрыцці мяжы няма?
Анатоль Лябедзька: Эканамічнай вайны ніхто не спыняў. Беларускі і расейскі кіраўнікі – даволі помслівыя людзі, і, натуральна, Пуцін памятае, што Лукашэнка не спрыяў праекту транзіта расейскай улады праз “паглыбленую інтэграцыю” і прымусіў ісці шляхам змены Канстытуцыі. А гэта сёння непапулярна як ў Расеі, так і за яе межамі.
Таму, як мне падаецца, сітуацыю з каронавірусам Крэмль выкарыстае для таго, каб дадаткова запусціць інструменты эканамічнага ўздзеяння на Беларусь. Яны будуць рабіць з Беларусі і яго кіраўніцтва эканамічнага банкрута.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя