У Беларусь дазволілі ўвозіць электрамабілі з нулявой стаўкай мытнай пошліны
Савет Еўразійскай эканамічнай камісіі прыняў рашэнне абнуліць стаўку ўвазной мытнай пошліны ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза на асобныя віды маторных транспартных сродкаў з электрычнымі рухавікамі, паведамляе прэс-служба ЕЭК.
«Прапануецца ўстанавіць гэтую меру з улікам скачку курсаў нацыянальных валют і адсутнасці ўнутранай вытворчасці, а таксама для стварэння стымулаў па фармаванні неабходнай інфраструктуры», – растлумачыў міністр па гандлі Еўразійскай эканамічнай камісіі Андрэй Сляпнёў.
Зараз у ЕАЭС у дачыненні да транспартных сродкаў з электрарухавікамі ўстаноўленая адзіная стаўка мытнай пошліны ў 15%.
Нулявая стаўка будзе дзейнічаць па 31 снежня 2021 года ўключна і прымяняцца пры імпарце электрамабіляў у ЕАЭС як юрыдычнымі, так і фізічнымі асобамі. Рашэнне ўвойдзе ў сілу праз 30 каляндарных дзён з даты афіцыйнага апублікавання.
Раней мытныя пошліны на электрамабілі ў ЕАЭС ужо абнулялі. Такая мера дзейнічала з 15 верасня 2016 года да 31 жніўня 2017 года ўключна. Аднак яе дзеянне на працягу менш як аднаго года не дазволіла дасягнуць запланаваных вынікаў. Да таго ж такі рэжым не распаўсюджваўся на фізічных асоб. Яны выплачвалі пошліну ў 48–54% ад мытнага кошту, што фактычна з’яўлялася загараджальным барʼерам для куплі электрамабіляў.
Пры гэтым цікавасць да электрамабіляў ёсць ва ўсіх краінах ЕАЭС. Згодна са звесткамі дэпартамента статыстыкі ЕЭК, у студзені–кастрычніку 2019 года іх імпарт у краіны ЕАЭС склаў 292 адзінкі на 14,86 млн даляраў ЗША. Доля імпарту Арменіі склала 0,7%, Беларусі – 30,8%, Казахстана – 7,2%, Расеі – 61,3%. У асноўным электрамабілі завозяць з ЗША, Кітая, Аўстрыі, Германіі.
Уласнай серыйнай вытворчасці электрамабіляў у ЕАЭС няма. Але прамысловы патэнцыял існуе практычна ва ўсіх краінах. У Беларусі гэта СП ЗАТ «Юнісан» і СЗАТ «Белджы». З улікам прапанаванай меры мытна-тарыфнага рэгулявання да канца 2022 года абʼём вырабу ў Беларусі электрамабіляў плануецца павялічыць да 30 тысяч на год.
Аляксандр Лукашэнка 12 сакавіка падпісаў указ «Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў», у адпаведнасці з якім уладальнікі электрамабіляў вызваляюцца ад выплаты пошліны за выдачу дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху. Фізічным асобам не давядзецца выплачваць ПДВ пры ўвозе ў Беларусь электрамабіляў для асабістага карыстання. Пры гэтым у іх будзе магчымасць вярнуць выплачаную пры набыцці электрамабіля суму ПДВ у межах 500 базавых велічынь.
Акрамя таго, уладальнікі электратранспарту да 1 студзеня 2026 года вызваляюцца ад платы за паркоўку ў спецыяльна абсталяваных месцах на камунальных аўтамабільных паркоўках.
Вытворцы электрамабіляў і электразарадных станцый, а таксама арганізацыі, якія іх эксплуатуюць, атрымалі права прымяняць павышаны інвестыцыйны вылік у парадку, вызначаным Падатковым кодэксам. Вызваленыя ад ПДВ зарадныя станцыі ў выпадку іх выкарыстання ў Беларусі.
Зараз у краіне налічваецца прыблізна 350 электрамабіляў.