Чарговы танкер з нафтай прыбыў у порт Клайпеды
Другі танкер з нафтай ад трэйдараў для ААТ „Нафтан” прыбыў 17 сакавіка ў порт Клайпеды, паведаміў журналістам прэс-сакратар канцэрна „Белнафтахім” Аляксандр Цішчанка.
„Танкер з 80 тыс.т нафты прыбыў у Клайпедскі порт і стаў пад разгрузку. Зліў нафты пачнецца сёння, адпраўка чыгункай на „Нафтан” ужо заўтра”, – сказаў Аляксандр Цішчанка.
Паводле інфармацыі прэс-сакратара, на завод нафта пачне паступаць праз пару дзён. Аляксандр Цішчанка таксама пацвердзіў, што ў гэтым месяцы ў Клайпедзе чакаюцца яшчэ два танкеры з нафтай для Беларусі.
Акрамя таго, як паведамлялася, дзяржаўная нафтавая кампанія Азербайджана Socar паставіць у сакавіку ў Беларусь каля 250 тыс. т нафты. Два з трох танкераў ужо даставілі сыравіну ў Адэсу. Старшыня канцэрна „Белнафтахім” Андрэй Рыбакоў паведамляў, што Socar у 2020 годзе можа паставіць у Беларусь да 1 млн т нафты.
Сумарны аб’ём паставак нафты з розных крыніц на беларускія НПЗ у сакавіку складзе каля 1 млн т. У студзені і лютым яны працавалі на загрузцы 50 працэнтаў і перапрацавалі каля 1,8 млн т нафты.
Пастаўкі ад вялікіх нафтавых кампаній з Расіі спынены 1 студзеня з-за таго, што не былі дасягнуты дамоўленасці па цане. Як тлумачыў першы віцэ-прэм’ер Дзмітрый Крутой, Беларусь лічыць эканамічна немэтазгодным плаціць прэміі расійскім нафтавым кампаніям у ранейшых аб’ёмах. Прэм’ер-міністр Сяргей Румас 11 сакавіка паведаміў, што Беларусь прадставіла Расіі новыя прапановы па пастаўках нафты.