Віцебскія актывісты сочаць за ўжываннем беларускай мовы ва ўстановах культуры



У Міжнародны дзень роднай мовы ў Віцебскім абласным навукова-метадычным цэнтры народнай творчасці правялі імпрэзу “Масленичный разгуляй”. На думку  актывісткі Таццяны Севярынец,  установа, якая мусіць клапаціцца пра захаванне народнай спадчыны”, заклікана садзейнічаць захаванню ды папулярызацыі беларускай мовы і культуры . Але з гэтай задачай метадычны цэнтр не спраўляецца: большасць імпрэзаў, у тым ліку для школьнікаў, тут праводзяць па-расейску,  у сацыяльных сетках амаль няма  беларускамоўных допісаў, і сайт АМЦНТ – практычна расейскамоўны.

Усё гэта змусіла віцебскіх актывістаў напісаць лісты да кіраўнікоў адпаведных установаў, кажа Таццяна Севярынец:

– Мы звярталіся  ў навукова-метадычны цэнтр і ў аблвыканкам пісалі лісты. Канешне, нас хвалюе пытанне, як можна ў такой установе праводзіць палітыку русіфікацыі? Чаму імпрэзы звязаныя з беларускай культурай, не праводзяцца на беларускай мове?

Паводле Таццяны Севярынец, у адказе з АМЦНТ яна атрымала цэлую справаздачу пра дзейнасць установы з пералікам імпрэзаў, прынамсі, з беларускамоўнымі назовамі. Супрацоўнікі прызналі, што ў сацыяльных сетках шмат памылак, і што іх выправілі. А таксама падзякавалі за ўвагу да іх працы і да звестак пра яе ў інтэрнэце. Але ў адказе з абласнога ўпраўлення культуры за подпісам кіраўніка Пятра Падгурскага ніводнай заўвагі, што да дзейнасці ўстановы, выказана не было. Таму актывісты вырашылі ўзяць пад грамадскі кантроль  ужываннем роднай  мовы ў  абласным навукова-метадычным цэнтры народнай творчасці. Бо гэтая ўстанова – адна з нешматлікіх, якія рэальна могуць паўплываць на папулярнасць беларускай мовы ў Віцебску  праз сваю дзейнасць, але замест гэтага тут папулярызуюць расейскую мову.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск