БГК імя Мяшкова падпісаў кантракт з баснійскім гульцом



Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова падпісаў кантракт з гульцом нацыянальнай зборнай Босніі і Герцагавіны Уладзімірам Враньешам. Пагадненне ўступіць у сілу летам.

Кантракт берасцейцаў з лінейным разлічаны на два гады. Раней БГК заключыў двухгадовае арэнднае пагадненне з правым паўсярэднім Паўлам Пачкоўскім, правы на якога належаць польскаму „Віве”. Гулец з’яўляецца пераможцам Лігі чэмпіёнаў, рэгулярна выклікаецца ў зборную Польшчы.

Тры этапы „Брыльянтавай лігі” па лёгкай атлетыцы перанесены

Тры этапы „Брыльянтавай лігі” па лёгкай атлетыцы перанесены з-за каронавіруса. Такая інфармацыя размешчана на сайце Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый. Этап у Катары павінен быў адбыцца 17 красавіка. Яшчэ два этапы планавалася правесці ў Кітаі 9 і 16 траўня. Рашэнне пра перанос было прынята пасля кансультацыі з арганізацыйнымі камітэтамі, мясцовымі ўладамі і органамі кіравання спортам.

Чэмпіянат Беларусі па валейболе прыпынены да 6 красавіка

Выканкам Беларускай федэрацыі валейбола (БФВ) прыняў рашэнне прыпыніць чэмпіянат Беларусі ў дывізіёнах А і Б да 6 красавіка. Такім чынам, 18 сакавіка пройдуць ўсяго два матчы з запланаваных ў дывізіёне А: „Будаўнік” – „Энергія” і „Легіён” – „Шахцёр”. Паядынкі адбудуцца ў закрытым рэжыме, без заўзятараў. Дзеці і падлеткі не будуць задзейнічаны ў абслугоўванні матчаў.

„Рух” падпісаў двухгадовы кантракт з нападнікам з топ-дывізіёна чэмпіянату Партугаліі

24-гадовы сенегальскі нападнік Абдулае Дыяла працягне кар’еру ў „Руху”. Футбаліст заключыў кантракт з берасцейскім клубам тэрмінам на два гады. Апошнім клубам Дыяла быў клуб наймацнейшага партугальскага дывізіёна „Авеш”. У складзе „маладзёжкі” „Авеша” нападнік стаў чэмпіёнам Партугаліі (U-23), згуляўшы ў трох паядынках, у якіх вызначыўся двума галамі і трыма галявымі перадачамі.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота meshkovbrest.by