«Юнацтва» перамагло «Дынама-Маладзечна»
Хакеісты «Юнацтва» дамагліся трэцяй перамогі над «Дынама-Маладзечна» ў матчах паўфінальнай серыі плей-оф чэмпіянату краіны.
Шматразовыя чэмпіёны Беларусі святкавалі перамогу з лікам 2:1. Правёўшы канцоўку паядынку ў большасці, хакеісты «Дынама-Маладзечна» так і не змаглі перавесці гульню ў авертайм. Такім чынам, серыя пераязджае ў Менск пры ліку 3:1 на карысць «Юнацтва», якому да выхаду ў фінал застаецца здабыць адну перамогу. Матч на «Чыжоўка-Арэне» адбудзецца заўтра і пачнецца ў 19.00.
Матч плей-оф Лігі нацый паміж футбалістамі Грузіі і Беларусі папярэдне перанесены на чэрвень
У сувязі з пераносам чэмпіянату Еўропы па футболе з-за распаўсюду каронавіруса перанесены і матчы плэй-оф, запланаваныя на сакавік. Такое рашэнне прынята Саюзам еўрапейскіх футбольных асацыяцый па выніках спецыяльнай відэаканферэнцыі з удзелам прадстаўнікоў 55 асацыяцый, праўлення Асацыяцыі еўрапейскіх клубаў, еўрапейскіх ліг і прафсаюза гульцоў FIFPro, паведамілі БЕЛТА ў асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола». Зборная Беларусі 26 сакавіка павінна была згуляць у Тбілісі з камандай Грузіі ў паўфінале Лігі нацый. Пераможца гэтага матчу 31 сакавіка сустрэўся б з пераможцам гульні Паўночная Македонія – Косава ў вырашальным паядынку за пуцёўку ў фінальную стадыю Еўра-2020. Гэтыя матчы папярэдне перанесены на чэрвень, аднак канчатковае рашэнне будзе прынята пасля паўторнай ацэнкі сітуацыі.
Футбольны чэмпіянат Беларусі стартуе ў стандартным рэжыме
Старт 30-га чэмпіянату Беларусі па футболе не будзе адкладзены з-за распаўсюду каронавіруса, паведамілі ў асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола». Матчы першага тура юбілейнага нацыянальнага першынства адбудуцца з 19 па 22 сакавіка і пройдуць у стандартным рэжыме. Такое рашэнне прыняло кіраўніцтва Беларускай федэрацыі футбола. Асацыяцыя адсочвае эпідэміялагічную сітуацыю і пры неабходнасці прыме неабходныя меры засцярогі. У вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі выступяць 16 каманд, якія правядуць двухкругавы турнір з матчамі на хатняй арэне і ў гасцях.
Прадстаўлена новая форма БАТЭ. Прозвішчы ўдзельнікаў – на беларускай мове
БАТЭ прадставіў новую гульнявую форму на сезон-2020. Джэрсі выкананы ў традыцыйных клубных колерах – сінім і жоўтым. На форму нанесены новы лагатып каманды. Прозвішчы гульцоў будуць напісаны на беларускай мове.
МАК зробіць усё, што ад яго залежыць, каб Гульні-2020 прайшлі ў запланаваныя тэрміны
Міжнародны алімпійскі камітэт зробіць усё, што ад яго залежыць, каб Алімпіяда-2020 у Токіа прайшла ў раней зацверджаныя тэрміны, з 24 ліпеня па 9 жніўня. Міжнародны алімпійскі камітэт правёў кансультацыі з міжнароднымі федэрацыямі па відах спорту і апублікаваў афіцыйнае камюніке. У МАК лічаць сітуацыю з распаўсюдам каронавіруса беспрэцэдэнтнай. Міжнародны алімпійскі камітэт салідарны з усёй сусветнай супольнасцю і прымае неабходныя меры, каб спыніць распаўсюд інфекцыі. «Сітуацыя вакол віруса таксама ўплывае на падрыхтоўку да Алімпійскіх гульняў у Токіо і змяняецца кожны дзень. МАК па-ранейшаму цалкам адданы мэце правесці Алімпійскія гульні ў Токіа ў 2020 годзе. З улікам таго, што да гульняў застаецца больш за чатыры месяцы, няма неабходнасці прымаць якія-небудзь радыкальныя рашэнні на дадзеным этапе, і любыя спекуляцыі ў дадзены момант былі б контрпрадуктыўныя», – гаворыцца ў камюніке. Пры гэтым МАК заклікае ўсіх спартоўцаў працягваць рыхтавацца да Алімпійскіх гульняў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ФХБ