Правілы дрэс-коду
Не ўсе людзі могуць спакойна рэагаваць на вымушаную змену сваіх планаў.
Хтосьці хацеў паляцець на вакацыі ў Еўропу, хтосьці «падвіс» у Егіпце, хтосьці – у санаторыі ў Друскеніках, а хтосьці проста змучыўся чакаць адмашкі ад айчынных профільных міністэрстваў пра карантын і паверыў добрым чуткам пра тое, што вакацыі ў беларускіх школах пачнуцца раней і працягнуцца цэлых два тыдні!
Міністэрства адукацыі раілася паўдня і ў рэшце рэшт «парадавала» беларусаў: ніякіх «дадатковых» вакацый не будзе! Няма нагоды, спадарства! Новы вірус – прычына пакінуць дзяцей дома ў Літве ці Польшчы, а вы можаце пакідаць дзяцей дома пад сваю адказнасць… Ратаванне тапельцаў – справа рук саміх тапельцаў. Такога няма нідзе, хочацца пажартаваць словамі вядома шлягера… А быў такі шанец захаваць межы прыстойнасці ў нашых дзяржаўных чыноўнікаў! Не скарысталі – у чарговы раз прабілі дно… Адштурхнуцца плануеце таксама за кошт падначаленых падаткаплацельшчыкаў?
Цікавая гісторыя – на першы погляд зусім з іншай оперы! – здарылася ў Гародні. У снежні мінулага года ў міліцыю патэлефанавала дзяўчына ды паведаміла: адзін з начных клубаў замініравалі. Нагналі народу і тэхнікі, эвакуявалі ў суме 70 чалавек… Выбухоўкі не знайшлі. Дзяўчына расстроілася, што яе не пусцілі ў пазначаную ўстанову, выпіла «антыстрэс» і вырашыла адпомсціць нядобрым таварышам… Цяпер яна па суду віну прызнала, атрымала год з адтэрміноўкай і штраф… Жыццё працягваецца.
Крыўды людскія выбухаюць самым неверагодным чынам. Не варта злоўжываць паўнамоцтвамі, хоць дрэс-код і здаровы лад жыцця ніхто яшчэ не адмяняў.