Мікалай Статкевіч: Павел Севярынец пакінуў праймерыз пераможцам
Экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч пракаментаваў той факт, што Павел Севярынец зняў сваю кандыдатуру з праймерыз.
Мікалай Статкевіч: Я прадказваў, што Паўлу Севярынцу не дадуць перамагчы ў праймерыз. На жаль, уся гэта апазіцыя знаходзіцца пад кантролем уладаў. І калі ўлады ўбачылі, што падчас народнага галасавання перамагае сапраўдны лідар Павел Севярынец, то яны далучыліся да справы і зрабілі ўсё, каб ён быў выключаны з працэдуры абрання адзінага кандыдата. Да галасавання падключыліся райвыканкамаўскія чыноўнікі, сябры БРСМ, “Белай Русі”.
РР: Апазіцыя да гэтага аказалася не падрыхтаваная?
Мікалай Статкевіч: Тое, што адбылося, сведчыць пра дзве рэчы. Першая – улада баіцца нашых пратэстаў і палітыкаў-лідараў, якія могуць павесці за сабой людзей. Хаця тут трэба таксама разумець, што выбары ў любым выпадку пройдуць па запланавай уладамі сістэме, бо гэта іх сістэма. Яны самі яе стварылі. Але ім трэба было нейтралізаваць Севярынца, а менавіта ён бы перамог падчас праймерыз.
Другая выснова – улада зараз слабая. Раней беларускі кіраўнік з дапамогай дубінак ужо даўно разагнаў бы ўдзельнікаў праймерыз, а то і кінуў бы за краты. Але зараз уладзе трэба лавіраваць, бо яны ведаюць, што ад рэпрэсій грошай не будзе, а жыць неяк трэба. Пра халяўныя расейскія нафту і газ ужо трэба забыцца, таму і тактыка змяняецца.
Што датычыцца Паўла Севярынца, то добра, што ён пакінуў гэтую кампанію пераможцам. Не стаў чакаць, калі з яго зробяць прайграўшага. А без Севярынца праймерыз будзе выглядаць смешна і недарэчна.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя