Праймерыз у Баранавічах. Прыйшлі нават былыя сябры выбарчых камісій
У Баранавічах прайшоў праймерыз сярод трох удзельнікаў – Юрася Губарэвіча, Мікалая Казлова і Вольгі Кавальковай. Яны не прынялі прапанову лідзіруючага кандыдата Паўла Севярынца спыніць праймерыз з-за пандэміі каронавірусу і ўмяшальніцтва ўладаў у ход галасавання. Вынікі ў Баранавічах былі прадказальнымі.
Перамогу з вялікім адрывам атрымаў лідар Руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч. Упершыню за праймерыз з 74 бюлетэняў – 5 несапраўдных. Зноўку быў заўважаны магчымы адміністрацыйны рэсурс, хаця знешне ўсё выглядала прыстойна, кажа Аляксандр Паўлоўскі:
– Сапраўдныя выбары без мухляжу, падтасовак.
Аляксандр Татаранка: На выбарчым участку сядзіць намеснік дырэктара ліцэя, я з ёй вітаюся, і фізрук Гена, ён сядзеў намеснікам выбарчай камісіі. Вось гэтыя людзі падстаўленыя. І яшчэ… Былы міліцыянт прыйшоў галасаваць.
Паводле Аляксандра Татаранкі, было заўважана яшчэ некалькі былых міліцыянтаў, а таксама невядомых для актывістаў асоб.
Моцна здзівіла прысутных актывістаў, што толькі Вольга Кавалькова адказала на пытанне пра далейшы лёс Аляксандра Лукашэнкі калі ён страціць прэзідэнцкае крэсла, кажа Віктар Мязяк:
– Было адно файнае пытанне: што рабіць з Лукашэнкам і хто ён такі? Ні адзін і ні другі мужык не адказаў на гэтае пытанне. А жанчына чамусьці мела мужнасць і нармальна адказала: судзіць будзем.
З 18 сакавіка сустрэчы ў сувязі з каронавірусам будуць спыненыя, праймерыз працягнецца ў інтэрнэт-прасторы.
Беларускае Радыё Рацыя