Беларускі рубель рэзка дэвальваваўся да даляра ЗША і еўра



Беларускі рубель 18 сакавіка рэзка дэвальваваўся да даляра ЗША і еўра на біржавых таргах. Курсы амерыканскай і еўрапейскай валюты абнавілі ў Беларусі гістарычныя максімумы.

Па выніках таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы курс амерыканскай валюты вырас на 7,40 капейкі, або на 3,13%, і склаў 2,4413 рубля за даляр. Курс еўра вырас на 5,05 капейкі (1,92%) і склаў 2,6840 рубля.

Курс расейскага рубля знізіўся на 3,38 капейкі (1,06%) і склаў 3,1913 беларускага рубля за 100 расейскіх.

У курсаўтварэнні Нацбанк выкарыстоўвае механізм прывязкі курсу рубля да кошыка валют, у якім удзельная вага расейскага рубля складае 50%, даляра ЗША і еўра — 30 і 20%.

Беларускі рубель рэагуе на дынаміку курсу расейскага рубля, якая шмат у чым залежыць ад цэн на нафту. На таргах у сераду амерыканская валюта падскочыла ў Расеі да 79 рублёў — максімум з 2016 года.

Гэта адбылося пасля таго, як цана нафты маркі Brent упала ніжэй за 28 даляраў ЗША ўпершыню са студзеня 2016 года. 18 сакавіка яна патаннела на 2,5% і апусцілася да 27,87 даляра за бараль паводле дадзеных на 13.00.

Націск на нафту працягваюць аказваць перспектывы значнага спаду попыту на фоне распаўсюджвання каронавіруса. На фоне пандэміі і рэзкага зніжэння эканамічнага росту разам з ростам напружанасці ў фінансавай сферы эксперты прагназуюць непазбежнасць пагружэння сусветнай эканомікі ў рэцэсію.

Нацыянальны банк Беларусі на мінулым тыдні заявіў, што з-за валацільнасці на валютным рынку не стане адмаўляцца ад цяперашняга рэжыму курсаўтварэння — плаваючага курсу.

belapan.by