Забаронены вываз з Беларусі асобных відаў тавараў медпрызначэння



Усталяваная часовая забарона на вываз з Беларусі асобных відаў тавараў незалежна ад краіны іх паходжання, у тым ліку пры змяшчэнні пад мытныя працэдуры экспарту, часовага вывазу, перапрацоўкі па-за мытнай тэрыторыяй і рээкспарту. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў ад 17 сакавіка № 149, паведамляе прэс-служба ўрада.

У зацверджаны гэтай жа пастановай пералік тавараў, у дачыненні да якіх уводзіцца часовая забарона, унесеныя:

— аднаразовыя камбінезоны і касцюмы хімічнай засцярогі;

— рэспіратар для працы з засцерагальнымі ачкамі FFP3, рэспіратар супрацьаэразольны FFP3, засцерагальныя акуляры герметычныя, маска на ўвесь твар для выкарыстання з супрацьаэразольнымі фільтрамі FFP3, а таксама фільтры для яе;

— хірургічныя халаты, маскі, аднаразовыя і для шматразовага прымянення, бахілы, бінты, вата, марля і іншае;

— пальчаткі хірургічныя стэрыльныя, нестэрыльныя, з натуральнага або сінтэтычнага латэксу, гумовыя, аднаразовыя і для шматразовага прымянення, засцерагальныя;

— пальчаткі медыцынскія дыягнастычныя, назіральныя, стэрыльныя, нестэрыльныя, з натуральнага або сінтэтычнага латэксу, гумовыя, аднаразовыя і для шматразовага прымянення, засцерагальныя;

— камплекты медыцынскія аднаразовыя з нятканых матэрыялаў, стэрыльныя і нестэрыльныя, камплект адзення ўрача засцерагальны, камплект індывідуальны медыцынскі грамадзянскай абароны для аказання першай медыка-санітарнай і першай дапамогі, камплект бялізны і адзення стэрыльны для аперацыйных, камбінезоны і халаты медыцынскія хірургічныя;

— абсталяванне дыхальнае іншае і газавыя маскі, акрамя засцерагальных масак без механічных дэталяў і зменных фільтраў.

„Гэтая часовая забарона распаўсюджваецца таксама на тавары, змешчаныя пад мытныя працэдуры да ўваходжання ў сілу гэтай пастановы і фактычны вываз якіх з Беларусі ў адпаведнасці з гэтымі мытнымі працэдурамі ажыццяўляецца пасля ўваходжання ў сілу гэтай пастановы”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Пры гэтым забарона не распаўсюджваецца на вываз тавараў, у тым ліку пры змяшчэнні іх пад мытныя працэдуры, для аказання міжнароднай гуманітарнай дапамогі замежным дзяржавам на падставе рашэнняў урада Беларусі, фізічнымі асобамі для асабістага карыстання.

Міністэрству замежных спраў ва ўстаноўленым парадку даручана праінфармаваць Еўразійскую эканамічную камісію аб увядзенні гэтай часовай забароны, а таксама ўнесці на разгляд ЕЭК прапанову аб прымяненні іншымі дзяржавамі — членамі Еўразійскага эканамічнага саюза аналагічнай меры.

Асноўныя пункты пастановы ўваходзяць у сілу з дня яе афіцыйнага апублікавання, дзейнічаюць да 1 чэрвеня 2020 года і распаўсюджваюцца на адносіны, якія ўзніклі з 16 сакавіка 2020 года.

Адзначаецца, што пастанова прынятая ў адпаведнасці дамовай аб Еўразійскім эканамічным саюзе ад 29 мая 2014 года, указам прэзідэнта Беларусі ад 5 красавіка 2016 года № 124 „Аб дзяржаўным рэгуляванні знешнегандлёвай дзейнасці”.

Згодна са звесткамі Міністэрства аховы здароўя на 18 сакавіка, у Беларусі зафіксаваны ўжо 51 выпадак каронавіруса COVID-19.

belapan.by

Фота kabar.kg